Праводзіны зімы ў Глыбокім



На цэнтральнай плошчы горада адбылося тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам  казачных персанажаў зімы і вясны, конкурс кулінарнай прадукцыі, конкурс свістуноў і прыпевачніц. Працавала  і дзіцячая пляцоўка. Здавалася б, усё як звычайна, але адметнасцю сёлетняга свята былі заклапочаныя і невясёлыя твары большасці наведвальнікаў. Людзі казалі пра  сумны настрой і недахоп грошай.

Але на свяце ўсё ж былі дзве разынкі, якія ўздымалі настрой глыбачанам і гасцям горада. Гэта сабакі хаскі, якіх прывезлі са свайго агракомплекса “Утрына” Раман і Руслан Мельнічэнкі. А таксама ўсіх забаўляў конкурс па здабыванні харчовых пакетаў са слупа. Каб дастаць “халяўнай” каўбасы, некаторыя лазілі на слуп нават аголеныя, застаўшыся ў адных майтках.

На свяце быў і метадыст Дома рамёстваў Віктар Дудкевіч, які пажадаў выказацца наконт правядзення гэтага мерапрыемства:

Свята вельмі цікавае, але незразумела, што людзі святкуюць. Калі паглядзець на сцэну, то намалявана Масленіца з расейскімі лыжкамі. Нейкі мікс – Масленіца і Провады зімы савецкія. Але ж зіму не праважалі, а праганялі ў Беларусі. Паглядзіце: ходзіць цар Блін, тады трэба ўжо, каб быў і цар Скварка, цар Чарка. Ды ў Беларусі і цароў не было – былі каралі. А тут і баярын нейкі ўзяўся, невядома адкуль узяліся гэтыя чыста расейскія блазны. Паглядзіш на ўсё гэта і складваецца ўражанне, што ты ў Ноўгарадзе, а не ў Беларусі.

Калі ведаеш традыцыі і глядзіш на гэты мікс, то смешна становіцца. Можна параўнаць з мяшанкай аліўе і венегрэту. Яе ж у нас нават парсюкам не даюць, я не кажу ўжо пра людзей… А ў нас прадаюць. Як казалі ў маёй маладосці, “піпл гэта схавае”. Але ж так нельга жыць. Колькі можна глядзець на гэтую Расею. Трэба ж мець свой гонар і падымаць галаву вышэй, глядзець на свае традыцыі і несці іх людзям.

На свяце можна было пакаштаваць бліноў, паласавацца  прысмакамі мясцовых прадпрыемстваў і сельскіх падвор’яў, набыць сувеніры, паўдзельнічаць у спартовых гульнях і згуляць у латарэю.

І хоць  мерапрыемства скончылася спаленнем пудзіла зімы, пасля гэтага ў Глыбокім пачаўся снегапад, зіма зноў паспрабавала вярнуць сваю моц.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі