Праз Беларусь будзе курсіраваць хуткасны цягнік да Берліна



17 снежня з Курскага вакзала Масквы ў першы рэйс адправіцца новы міжнародны цягнік № 13/14 Масква — Берлін, які будзе курсіраваць пад брэндам Swift ( „Стрыж”). У першы рэйс з Берліна цягнік Swift адправіцца 18 снежня.

цягнік

Як паведамляе прэс-служба РЖД, па шляху руху састаў зробіць прыпынак на станцыях Смаленск, Ворша, Менск, Берасце, Цярэспаль, Варшава, Познань, Жэпін, Франкфурт (Одэр).

Упершыню пасажырскі цягнік сфарміраваны з вагонаў, абсталяваных сістэмай аўтаматычнай змены шырыні колавых пар. Гэта дазволіць скараціць час на пераход з каляі расейскага стандарту на еўрапейскі. Цягніку Swift спатрэбіцца каля 20 хвілін для праходжання па спецыяльна абсталяванаму перакладному ўстройству, тады як цяпер змена колавых пар займае каля 2 гадзін. Вагоны для цягніка вырабленыя кампаніяй Patentes Talgo S.L. (Іспанія).

Такім чынам, адлегласць ад Менска да Берліна цягнік будзе пераадольваць прыкладна за 12 гадзін, а паездка з Масквы да Берліна зойме 20 гадзін (цяпер —  каля 25 гадзін), ад Берліна да Масквы — 20 гадзін 35 хвілін (цяпер — 25 гадзін 56 хвілін).

Цягнік Swift будзе курсіраваць два разы на тыдзень, адпраўляючыся з Курскага вакзала Масквы па суботах і нядзелях у 13.05 і прыбываючы на станцыю Берлін Остбанхоф у 07.19 наступных сутак (па мясцовым часе). З Берліна (ст. Берлін Остбанхоф) цягнік будзе адпраўляцца па нядзелях і панядзелках у 18.50 (па мясцовым часе) і прыбываць на Курскі вакзал Масквы ў 17.25.

belapan.by