Прэс-сакратар прэзідэнта не мае інфармацыі пра падрыхтоўку зменаў у Дэкрэт № 3



Прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант не мае інфармацыі пра тое, што нібыта рыхтуюцца змены ў дэкрэт № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

„Вы ведаеце, ніякай інфармацыі па дэкрэце № 3 я як прэс-сакратар прэзідэнта не магу зараз падаць”, — паведаміла Эйсмант БелаПАН.

Яна сказала, што звярнула ўвагу на з’яўленне напярэдадні ў СМІ паведамленняў пра планы карэкціроўкі дэкрэта. „У мяне няма інфармацыі ні пра якую-небудзь рабочую групу, ні пра якія-небудзь запланаваныя змены”, — дадала прэс-сакратар.

Пра падрыхтоўку ўладамі пакета паправак у дэкрэт прэзідэнта № 3 паведаміў БелаПАН 6 сакавіка сустаршыня кампаніі „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў пасля сустрэчы з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком. „Што тычыцца дэкрэта, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў сказаў, што найбліжэйшым часам будзе вельмі вялікая порцыя паправак у яго. Улады выдатна разумеюць, што прымяненне да людзей санкцый за нявыплату збору — гэта вельмі небяспечны інструмент і што ён не можа ў сённяшняй сітуацыі ўжывацца”, — зазначыў палітык.

У каментары парталу tut.by Пірштук у той жа дзень сказаў: „Сёння створаная рабочая група пад кіраўніцтвам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Яны павінны выключыць з-пад дзеяння дэкрэта тых, хто трапіў туды неаб’ектыўна. Аналіз паказаў, што такія грамадзяне ёсць. А дакумент усё-такі быў накіраваны на тое, каб прымусіць грамадзян працаваць, а не караць”.

Дэкрэт № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” ад 2 красавіка 2015 года абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, што не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш 183 каляндарных дзён у мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. 12 студзеня ў дакумент быў унесены шэраг змяненняў. У прыватнасці, мясцовыя ўлады атрымалі права вызваляць ад выплаты збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў грамадзян, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

20 лютага скончыўся тэрмін выплаты збору. Неплацельшчыкам пагражае штраф або адміністрацыйны арышт да 15 сутак з прыцягненнем да грамадскіх прац. Паводле звестак Міністэрства па падатках і зборах, на 21 лютага збор заплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленні. У мясцовыя бюджэты паступіла 16,3 млн рублёў. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Міністэрства па падатках і зборах, абноўленых даных аб выплаце збору міністэрства не мае і найбліжэйшым часам яны запытвацца не будуць.

Першая масавая акцыя супраць дэкрэта № 3 — „Марш раззлаваных беларусаў” — прайшла ў Мінску 17 лютага і сабрала каля трох тысяч чалавек. Пасля гэтага кожныя выхадныя акцыі праходзяць у рэгіёнах. Пратэставая актыўнасць выклікала крытыку з боку дзяржаўных тэлеканалаў. У прыватнасці, тэлеканал „Беларусь 1” увечары 6 сакавіка паказаў адмысловы рэпартаж пад назвай „Званок сябру”, у якім сцвярджалася, што апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч з дапамогай незадаволеных дэкрэтам „аб дармаедах” грамадзян спрабуе зладзіць у Беларусі „майдан”.

БелаПАН