Пружанец падазраецца ва ўдзеле ў баявых дзеяннях ва Украіне



Жыхар Пружанскага раёна затрыманы па падазрэнні ва ўдзеле ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Пра гэта паведаміў сёння журналістам начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Фёдар Балейка, перадае БелТА. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Пружанскага РАУС затрымалі мужчыну 11 студзеня ў Менску. Непрацуючы 35-гадовы жыхар Пружанскага раёна знаходзіўся ў вышуку за нявыплату аліментаў.

„Калі яго прывезлі ў Пружаны, пачалі працаваць, высветлілася, што ён прымаў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей у складзе баявых атрадаў. Мае ўзнагароды, падаў гэтаму пацверджанне падчас апытанняў. Дзеянні яго будуць кваліфікавацца ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам”, – паведаміў начальнік УУС.

Ён адзначыў, што гэта не адзінкавы выпадак ўдзелу жыхароў Берасцейскай вобласці ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Некаторыя і зараз знаходзяцца там. Сярод іх ужо ёсць і загінулыя.