Прыкаванага да МАЗа актывіста спрабавалі затрымаць



Актывісты запрашаюць журналістаў у Курапаты. Ужо каторы дзень там пратэстуюць супраць чарговага будаўніцтва, якое распачалося ў ахоўнай зоне. Заклікаюць прыходзіць журналістаў, бо на вачах прадстаўнікоў СМІ забудоўшчыкі паводзяць сябе меньш агрэсіўна.

Гэта не толькі прафесійны, але і маральны абавязак, кажа рэдактар газеты „Навы час” Аксана Колб, якая сама збіраецца на вахту:

– Курапаты не тое, што трэба бараніць, Курапаты трэба узводзіць у ранг нацыянальнага некропаля. Сама збіраюся ў суботу і магчыма нават таксама застануся там. Я лічу, што журналіст кожнага незалежнага выдання, прынамсі хаця б адзін у гэтыя дні, у далейшыя, калі супрацьстаянне працягнецца, павінен там быць.  

У Купаратах прайшлі чарговыя сутычкі. Адзін з удзельнікаў „варты” на будоўлі ля мемарыяльнага комплексу „Курапаты” Сяргей Пальчэўскі паклаўся пад колы грузавіка будаўнікоў і прыкаваў сябе кайданкамі да бампера. На выходных забудоўшчыкі абяцаюць прыпыніць працы, актывісты пакідаць вахту не збіраюцца.

Сяргей Пальчэўскі вызвалены, героі дня грэюць рукі над вогнішчам (Фота facebook.com/harecki)

19:00

– На месцы застаецца некалькі дзясяткаў чалавек, людзі вячэраюць, грэюцца каля бочкі з дровамі. На заўтра запланавана некалькі мерапрыемстваў. А 8:00 гадзіне адбудзецца сход, на які запрашаюць усіх прадстаўнікоў грамадскасці, мясцовых жыхароў. Трэба пракантраляваць рашэнне гарвыканкама пра тое, што будоўля павінна быць спынена, пакуль не вырашыцца сітуацыя. Ёсць прапанова, каб людзі прыносілі партрэты рэпрэсаваных літаратараў, вядомых асоб, яны будуць вывешаныя на плоце, які агароджвае будоўлю. Таксама ёсць ідэя ўсталяваць крыжы, якія абазначаць старую ахоўную зону, якая некалькі гадоў таму была зменена.

* * *

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец, які прыбыў на месца будаўніцтва бізнес-цэнтра каля ўрочышча Курапаты, правёў перамовы з прарабам і па іх выніках паведаміў, што працоўныя пакідаюць будоўлю і ў суботу, 25 лютага, іх не будзе. У папярэднія дні работы на пляцоўцы вяліся даўжэй, паведамляе БелаПАН.

Частка пратэстоўцаў зайшла на тэрыторыю пераканацца, што працоўныя сапраўды збіраюцца сыходзіць. Некаторыя ўжо пакінулі тэрыторыю, іншыя заносяць на абгароджаную тэрыторыю дробную будаўнічую тэхніку.

Севярынец заявіў, што будоўля павінна быць прыпыненая да высвятлення ўсіх абставінаў, звязаных з перадачай гэтага зямельнага ўчастка інвестару і непасрэдна з будаўніцтвам бізнес-цэнтра. Ён заклікаў актывістаў і неабыякавых мясцовых жыхароў прыйсці ў суботу ў 8 гадзін раніцы, каб пракантраляваць, што будаўніцтва не аднавілася. „У адваротным выпадку мы будзем блакаваць пад’езд тэхнікі”, — сказаў палітык.

Супрацоўнікі міліцыі і МНС вызвалілі Сяргея Пальчэўскага, які прыкаваў сябе да аўтамабіля МАЗ. Пасля гэтага яго паспрабавалі адвесці ў мікрааўтобус. Грамадзяне пачалі адбіваць актывіста. Некалькі чалавек абхапілі Пальчэўскага і разам з ім упалі на зямлю пад напорам людзей. Затым яны падняліся і пайшлі разам у лагер пратэстоўцаў. Пакуль ім не перашкаджаюць.

Фота facebook.com/pr0tez

17:20

– Прыехаў лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, зараз тут каля 50 чалавек. Сяргей Пальчэўскі ляжыць прыкаваны кайданкамі пад кабінай МАЗа, яго ўжо абгарнулі ў тры коўдры, каб ён не змёрз, бо ляжыць ужо больш за 2,5 гадзіны. Дашкевіч па-ранейшаму знаходзіцца за агароджай будоўлі на даху экскаватара, яму перадалі плашч-палатку, ён трымае бел-чырвона-белы сцяг у руках. Будаўнікі просяць Змітра спыніць гэты пратэст, што яны проста хочуць загнаць тэхніку назад на тэрыторыю. Зміцер пагаджаецца толькі на тое, каб была спынена ўся будоўля, будаўнікі звольніліся і знайшлі сабе іншую працу. Таксама Зміцер звяртаўся непасрэдна да бізнесоўца Анішчанкі, які стаіць за гэтай будоўляй, з заклікам спыніць будоўлю, як ён назваў сатанізм. Прыехаў Эдуард Пальчыс, прывёз дыванок і бел-чырвона-белы сцяг для Сяргея, які ляжыць пад кабінай МАЗа. Лідар БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што ўсё павінна вырашыцца літаральна праз некалькі дзён у лепшы бок.

Прыехаў лідар АГП Анатоль Лябедзька

РР: Чакалася, што сітуацыя вырашыцца да выходных, аднак невядома ці супрацьстаянне не працягнецца.

– Улады пакуль маўчаць і не ўмешваюцца ў канфлікт, Янукевіч кажа, што яны хочуць падаць сітуацыю, як нейкі ўнутраны грамадзянскі канфлікт, быццам улада тут зусім не пры чым. На заўтра на 8 гадзін раніцы абвешчаны чарговы сход у Курапатах. Актывісты зноў заклікаюць прыйсці жыхароў бліжэйшых дамоў.

16:20 

Сяргей Пальчэўскі дагэтуль сядзіць прыкаваны пад МАЗам, пад кабінай МАЗа. Ужо прайшло паўтары гадзіны, яго паступова ўвесь гэты час абкручвалі коўдрамі, кляёнкай, пояць гарбатай. Кіроўца закрыў МАЗ і чакае як вырашыцца гэта сітуацыя, але самае жорсткае адбылося літаральна на працягу мінулай гадзіны, Зміцер Дашкевіч кінуўся на экскаватар, які выконваў падрыхтоўчыя працы. Ён спрабаваў спыніць працу экскаватара, пачалася бойка. Потым разам з калегам па Маладым Фронце Яроменкам, яны сталі пад коўш гэтага экскаватара. Будаўнікі раіліся, што рабіць. Бачна, што атрымалі нейкі загад, выштурхнуць хлопцаў за тэрыторыю будоўлі. Сталі ўсталёўваць фактычна другі шэраг плота – такія празрыстыя краты. Іх спрабавалі выштурхнуць, дайшло да крыві, Зміцер адразу папярэдзіў, што ўжо не будзе проста так трываць здзек, будзе абараняцца. Была жорсткая бойка, крыкі людзей. Мясцовыя жыхары падыходзілі, таксама бабуля плакала, гледзячы на Сяргея Пальчэўскага. Карацей пратэст набывае такія вельмі адчайныя, скрайнія формы.   

РР: Ці павялічваецца колькасць удзельнікаў гэтай варты?

Так, за гэтыя пяць дзён выявілася такая заканамернасць, што людзі падцягваюцца найбольш менавіта пасля 18-й гадзіны вечара. Нават а 20-й пік быццам бы па колькасці людзей. Прыходзяць як мясцовыя людзі – бабулькі, якія спачуваюць, так і простыя неабыякавыя людзі, прысутнічаюць праваабаронцы. Прыязджаюць людзі не з Менску, я гутарыў з мужчынам з Радашковічаў, які спачувае абаронцам Курапат. Пэўны рэзананс ёсць, чём ён будзе больш магутным, тым хутчэй гэта сітуацыя вырашыцца ў лепшы бок.

РР: Ці ёсць нейкія сігналы, якім чынам можа вырашыцца гэтая сітуацыя?

– Так, яны не толькі спрабуюць працягваць будоўлю, але і б’юцца з-за яе кулакамі. Людзі крычалі ім: “ Вы ж будаўнікі, не АМАП, не міліцыя, выклікайце міліцыю!”. Міліцыю ніхто не выклікае, тут проста ходзяць “ціхары” і здымаюць усё. што адбываецца, міліцыя абсалютна не ўмешваецца. Будаўнікі не выклікаюць міліцыю, яны самі выконваюць функцыю нейкіх ахоўнікаў гэтай тэрыторыі. Наконт сігналаў, абсалютна нічога няма, і нават мясцовыя жыхары, якія сёння сюды падыходзілі, яны скардзіліся: “Ну як жа так, выбіралі дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў, чаму яны маўчыць? Чаму маўчыць кіраўніцтва.

РР: Ці прысутныя лідары палітычных партый і арганізацый?

– Самі актывісты распавядалі, што не хапае гучных публічных заяў, вядомых персон, прадстаўнікоў партый, прадстаўнікоў грамадскасці, інтэлігенцыі і г.д. Чамусьці большасць маўчыць. Учора на сходзе быў Паве Севярынец, Аляксей Янукевіч, па падліках сабралося каля 200 чалавек. Зараз я тут нікога не бачу, акрамя Змітра Дашкевіча, які сядзіць на даху экскаватара на тэрыторыі будоўлі, чым спыняе працу.

Фота facebook.com/harecki

15:10 

На тэрыторыю будоўлі заязджае тэхніка.

На месцы падзеяў знаходзіцца наш менскі калега Стас Дэдэрка:

— Працэс абароны Курапатаў становіцца ўсё больш адчайным. Літаральна зараз Сяргей Пальчэўскі прыкаваў сябе кайданкамі пад кабінай МАЗа, які прыехаў на будоўлю. Кіроўца забраў з кабіны дакументы і выйшаў з машыны. Сяргей працягвае ляжаць часткова пад гэтым МАЗам. Надвор’е халоднае, ідзе дождж.

Лагер паціху разбудоўваецца. Ужо стаяць 2 намёты, ёсць намёт на прадукты. Падыходзяць мясцовыя жыхары, дапамагаюць актывістам. Папярэдне плануецца, што заўтра зранку пройдзе масавы сход жыхароў і грамадскасці. А каторай гадзіне ён адбудзецца – пакуль няма дакладнай інфармацыі.

11:00

Пяты дзень грамадскай варты «Абарона Курапатаў» пачаўся без здарэнняў. У першай палове дня, у параўнанні з ноччу, актывістаў значна паменела і цяпер ля будпляцоўкі знаходзіцца да дзесяці чалавек. «Такімі сіламі канешне працы тэхнікі цяжка, таму калі нас менш за дваццаць-трыццаць то мы займаемся пераважна побытавымі справамі тут на месцы», — зазначаюць актывісты. Наконт таго ці ўдасца спыніць будоўлю, на месцы падзеяў разважае лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч:

— Калі па-чалавечы разважаць дык шанцаў, вядома, вельмі мала. Мы не спадзяемся на чалавека, мы спадзяемся на Бога. Прыблізна такая ж сітуацыя была ў 2001 годзе. Цяпер значна больш людзей бароніць Курапаты, чым у 2001 годзе. Мы назіралі па вечарох па 50 чалавек і па 30 стаялі. Тады таксама па некалькі чалавек было ў Курапатах калі яны баранілі і тым не менш гэта атрымалася зрабіць. Таму я кажу, па-чалавечы шанцаў вельмі мала.

Вядома што ўначы на месцы варты знаходзілася блізка трыццаці чалавек, якія мабілізаваліся пераважна з-за папярэдніх спробаў невядомых напасці на лагер. Вакол будпляцоўкі па-за плотам якой нічога не бачна і каля самога лагеру супрацоўнікаў міліцыі не назіраецца.

***

23 лютага

Каля месца пабудовы офіснага цэнтра каля мемарыяльнага комплексу „Курапаты” адбыўся  сход мясцовых жыхароў. 

Прадстаўнікі ўлады не прыйшлі на Сход жыхароў дамоў, прылеглых да месца забудовы бізнес-цэнтра ля Курапатаў. На гэта скардзяцца як актывісты кругласуткавай варты “Абарона Курапатаў”, так і мясцовыя жыхары. Кажа маладафронтавец Арцём Леўчанка:

— Мне хацелася б, каб на гэта звярнулі ўвагу будаўнікі, міліцыянты, бо калі мы падыходзілі і казалі ім: «Хлопцы, спыняйце будоўлю, народ супраць». Яны нам адказвалі: «Вы — не народ». А цяпер тут сабраўся рэальны народ  і людзі, якія не з’яўляюцца апазіцыйнымі актывістамі, а проста звычайныя людзі, мясцовыя жыхары і неабыякавыя людзі, таму можа яны хоць да людзей прыслухаюцца.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

У сходзе ўзялі ўдзел палітыкі — адзін з лідараў БХД Павел Севярынец, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідар „Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч.

Ужо чацвёрты дзень тут працягваюцца пратэсты супраць будаўніцтва пяціпавярховага бізнес-цэнтру. Гаворыць Павел Севярынец :

– Тут – Курапаты. І вось гэта зялёная зона да 2014 года была ахоўнай зонай мемарыялу Курапаты. І на гэтым месцы нічога не павінна рабіцца, толькі ўпарадкаванне. У 2013 годзе гэтую зямлю на аўкцыёне прадалі кампаніі. Гэта страшнае парушэнне закона. І паколькі гэтае парушэнне стаіць у аснове здзелкі, то і сама здзелка, і гэтае будаўніцтва – незаконнае.

Жыхары бліжэйшых дамоў таксама выказалі нязгоду з будаўнікамі.

Зміцер Дашкевіч сказаў, што абаронцам Курапатаў удалося запаволіць будоўлю:

– Супольнымі высілкамі мы дамагліся, каб сёння тут фактычна былі прыпынены будаўнічыя працы, але гэтага мала. Тое, што мы можам рабіць, мы робім. Жыхары гэтага мікрараёна таксама могуць дзейнічаць са свайго боку. Мы, напрыклад, бачым будаўнікоў, якія ходзяць без касак, якія праз аднаго п’яныя, вы можаце на гэта звяртаць увагу. Мы гэтую будоўлю як мінімум запаволім.

На сход у падтрымку абаронцаў Курапатаў сабралася больш за 50 чалавек: да актывістаў, якія аднавілі лягер пасля начнога нападу, далучыліся жыхары суседніх дамоў.

Фота facebook.com/pr0tez

Каля мемарыяльнага комплексу „Курапаты”, дзе былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, працягваецца „варта” праціўнікаў будоўлі.  

  Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Мікола Ляшкевіч