Прыхаваныя рэпрэсіі актывізаваліся ў Беларусі



Маюцца на ўвазе парушэнні працоўных зносінаў, «палітычны прызыў» у войска, абмежаванні акадэмічных свабодаў студэнтаў і выкладчыкаў, адмова ў рэгістрацыі аб’яднанняў, пераслед журналістаў-фрылансераў. У гэтай сувязі камітэт «Салідарнасць» запускае праект відэакансультацыяў для пацярпелых і патэнцыйных ахвяраў прыхаваных рэпрэсіяў. Гаворыць каардынатарка праекту Людміла Ісакава.

— Людзі часцяком не ведаюць, якімі шляхамі яны могуць абараніць свае парушаныя правы, бо ў наяўнасці усё адбываецца паводле закона. Аднак, насамрэч людзі адчуваюць, што ўсё гэта не па законе. Напрыклад, так званы працоўны кантракт, які цяпер вельмі шырока ўжываецца ва ўсіх сферах, на самой справе пераўтварыўся ў інструмент рэпрэсіяў.

Незалежная юрыстка Тамара Сідарэнка адзначае, што каб супрацьстаяць прыхаваным рэпрэсіям, вельмі важная агалоска ўсіх выпадкаў праз СМІ.

— Па гэтых публікацыях і замежныя краіны складаюць меркаванне пра тое, што ў нас адбываецца і потым праваахоўныя арганізацыі выкарыстоўваюць усялякія інструменты. У тым ліку справаздачы якія падае Беларусь у арганізацыі, якім павінна прадстаўляць свае перыядычныя агляды. А вось альтэрнатыўныя справаздачы праваабаронцаў якраз дазваляюць паказаць гэтую праблему такой, якая яна ёсць.

 

На сайце salidarnasc.org і ў сацыяльных сетках будуць рэгулярна размяшчацца відэазапісы з абмеркаваннем канкрэтных выпадкаў прыхаваных рэпрэсіяў. Ужо знята 6 серыяў. Там будуць апублікаваныя тэкставыя рэкамендацыі, узоры заяваў і скаргаў.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: novychas.by