Прыватны музей Аўгустоўскага канала



Дванаццаць гадоў адзіны ў Беларусі прыватны музей Аўгустоўскага канала ў вёсцы Нямнова захоўвае гісторыю гідратэхнічнай пабудовы 19-га стагоддзя, якая ўнесена ў папярэдні спіс ЮНЭСКА. Сярод экспанатаў музея – часткі механізмаў шлюзавых брамаў, матэрыялы, якія ўжываліся пры будаўніцтве аб’екта, дакуманты і фатаграфіі тых, хто ўдзельнічаў у стварэнні канала, а таксама прадметы быту людзей, якія тут жылі і працавалі. Як сцвярджае гаспадыня музея Любоў Зажэцкая, яго стварэнне – колішняя ініцыятыва мясцовых жыхароў:

– З пакалення ў пакалення пераходзіла любоў да канала, да сваёй вёскі, да ўсяго гістарычнага. Ад дзеда засталіся некаторыя механізмы і дакументы. Шкада здаваць у металалом гэтыя каштоўныя механізмы, і вырашылі зрабіць маленькі музей. Ніякіх грошай мы за гэта не бярэм.

Першапачаткова музей знаходзіўся ў хаце апошняга даглядчыка шлюза Нямнова Івана Ухты, пазней экспанаты былі пераказаныя сям’і Зажэцкіх. Сярод экспанатаў музея знаходзіцца мапа Аўгустоўскага канала, намаляваная вядомым польскім даследчыкам Робертам Сарноўскім.

Беларускае Радыё Рацыя