Работы ля Фары Вітаўта ў Гародні прыпыненыя



У панядзелак 15 мая стала вядома, што планавая замена цеплатрасы ў скверы, дзе калісьці знаходзілася Фара Вітаўта ў Гародні, прыпыненая. Рабочыя паведамляюць, што заказчык не можа працягнуць працы без дазволу археолагаў, распавядае hrodna.life.

Нагадаем, на працягу двух тыдняў па паведамленнях відавочцаў рабочыя пры замене цеплатрасы знаходзілі парэшткі людзей — нешта закопвалi, а нешта вывозілі з грунтам у невядомым кірунку.

Дзеянні рабочых выклікалі абурэнне ў гісторыкаў і археолагаў, а таксама звычайных гараджан. Вядома, што на месцы замены цеплатрасы не вядзецца ніякага археалагічнага нагляду, нягледзячы на тое, што тэрыторыя, дзе працуюць, вельмі каштоўная для археолагаў.

Згодна з праектам, рабочыя ідуць па старым маршруце, дзе знаходзяцца савецкія трубы. Малаверагодна, што там можна на нешта натрапіць. Але сыходзячы трохі ў бок, адкрываецца зусім некранутая зямля — тэрыторыя ў скверы, дзе калісьці быў самы вялікі ў Гродне храм Фара Вітаўта, а вакол яго да канца 18 ст. — могілкi. Перасталі хаваць там толькі пасля ўказа Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1792 годзе. Менавіта тады было вырашана хаваць людзей за горадам на новых камунальных могілках — сённяшніх старых могілках на Антонава.

Могілкі ля Фары Вітаўта самыя старыя  пасля Каложскiх з вядомых у Гародні, а сам храм з’яўляецца святыняй для каталікоў і праваслаўных, бо храм у 19 ст. быў Сафійскім саборам. Вядома, што ў крыпце Фары пэўны час захоўвалася цела Стэфана Баторыя.