Рагачук: Берасце не павінна ноччу апускацца ў поўную цемру



Старшыня Берасцейскага гарвыканкама Аляксандр Рагачук 21 лістапада правёў „прамую лінію” з жыхарамі горада. Падчас яе кіраўнік горада, як перадае interfax.by, пракаментаваў прынятае ўладамі Берасця рашэнне адключаць на ноч вулічнае асвятленне. Цяпер яно не працуе ў перыяд з 1-й да 5-й гадзіны.

Па словах Рагачука, гэтая мера прадыктаваная эканамічнымі прычынамі. Улады спадзяюцца з яе дапамогай зэканоміць бюджэтныя сродкі, каб забяспечыць іншыя гарадскія выдаткі, найперш — у сацыяльнай сферы.

Кіраўнік гарвыканкама лічыць не зусім правільным аднолькавае асвятленне ўвечары і глыбокай ноччу, калі жыццё практычна замірае. „У той жа час Берасце не павінна ноччу апускацца ў поўную цемру”, — зазначыў чыноўнік. Таму цяпер у горадзе распрацоўваюцца розныя варыянты аптымізацыі начнога асвятлення. Іх будзе не менш за тры: поўнае асвятленне, „эканом-варыянт” і дзяжурнае асвятленне.

На ілюмінацыі ў навагоднія і калядныя дні, па словах Рагачука, гарадскія ўлады эканоміць не будуць.