Рамонт цеплатрасы заблакаваў жыхароў вуліцы ў Бярозе



Жыхары вуліцы Гагарына на ўскрайку Бярозы не толькі пакутуюць ад пастаяннага бездарожжа, але наогул аказаліся ў аблозе. Ад галоўнай вуліцы Леніна іх адгарадзілі глыбокай траншэяй і кучамі вывернутай зямлі. Якая ад дажджоў ператварылася ў непралазную гразь. Мяняюць цеплатрасу, кажуць жыхаркі вуліцы:

— Я лічу, што гэта поўная катастрофа: гэты бруд, гэтыя гліна, якую нам тут вывернулі. Усё б нічога, калі людзям зрабілі некія пераходы, каб кожны мог нармальна дабрацца хаця б да крамы, школы, дзіцячага садка. Як можна праехаць чалавеку з дзіцячым вазком?

— Мы па асфальце ездзім толькі па горадзе.

— Машына псуецца, бо раз два праедзеш і падвескі няма.

— Дзеці прыходзяць усе брудныя, абутак не адмыць. Ды  й нашу вуліцу ніколі асабліва не падсыпаюць.

Даведацца ад камунальнікаў чаму не мянялі цеплатрасу летам, не было магчымасці. Генеральнага дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі не аказалася на месцы. Адзін з ягоных намеснікаў па інфармацыі можа гаварыць са СМІ толькі з дазволу генеральнага, другому спатрэбіўся пісьмовы запыт. Магчыма, і замена цеплатрасы адбываецца ў неспрыяльнае надвор’е праз бюракратычную цяганіну?

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза

Матэрыял цалкам у гукавым фармаце