Расейцы хочуць усталяваць у Беларусі Георгіеўскі крыж



Расейскі фонд садзейнічання захаванню і развіццю рускай і ўсходнехрысціянскай культуры ў імя Уладзіміра Храбрага плануе ўстанавіць у Беларусі Георгіеўскі крыж. Пра гэта паведаміў ТАСС кіраўнік фонду Стафан Геніч 29 ліпеня ў Обнінску (Калужская вобласць РФ) падчас адкрыцця першага ў Расеі Георгіеўскага крыжа ў гонар перамог рускай арміі ў Першай сусветнай вайне.

1

Цырымонія была прымеркаваная да 60-годдзя горада, якое адзначаюць у гэтыя выхадныя. Памятны знак уяўляе сабой выразаны з белага каменю Георгіеўскі крыж вышынёй больш за тры метры, пастаўлены на кубічную падставу. У цэнтры знаходзіцца медальён з рэльефнай выявай святога Георгія Перамаганосца, які забівае змея.

«Фонд носіць імя князя Серпухоўска-Бораўскага Уладзіміра Храбрага і знаходзіцца ў Калужскай вобласці, таму першым месцам устаноўкі памятнага знака выбраны менавіта гэты рэгіён», — растлумачыў Геніч. Паводле яго слоў, у 2016 годзе такія ж крыжы будуць адкрытыя ў Маскве і Калузе, а таксама за мяжой — у Беларусі, Грэцыі, Сербіі і Францыі, «пры абароне якіх пралівалі кроў рускія воіны». Выраб знакаў ажыццяўляецца за кошт сродкаў фонду.

Варта адзначыць, што пасля трагічных падзей ва Украіне беларусы шырока абмяркоўвалі традыцыйнае распаўсюджванне георгіеўскіх стужачак напярэдадні Дня Перамогі. Асабліва гарачыя дыскусіі адзначаліся ў маі 2014 года. Тады актывісты «Маладога фронту» нават абвясцілі грамадскую кампанію «Стоп, імперыя» з мэтай «ачысціць вуліцы беларускіх гарадоў ад засілля георгіеўскіх стужак і расійскіх сцягоў».

Вясной 2015 года ў Беларусі быў распрацаваны ўласны сімвал Дня Перамогі — бутаньерка з чырвона-зялёнай стужкай і кветкамі яблыні. Аляксандр Лукашэнка яго ўхваліў. Пры гэтым ён падкрэсліў: георгіеўская стужка, якая выкарыстоўваецца ў якасці сімвала Дня Перамогі ў Расіі, у Беларусі не забароненая. «Гэта нашы традыцыі, наша баявая супольнасць. Мы нікому не забараняем. Можа, нешта прыдумаем новае, але толькі не трэба нас папракаць, што мы нібыта гэтаму ворагі. Ні ў якім разе», — сказаў ён.