Разгляд справы Вячаслава Сіўчыка адкладзены на 3 траўня



Кіраўнік Руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык ізноў паўстаў перад судом Цэнтральнага раёну Менску.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Нагадаем, што ўначы з 18 на 19 красавіка палітык быў затрыманы каля свайго дома і абвінавачаны ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі. Аднак пратаколы па гэтай справе былі вернутыя судом у міліцыю для выпраўлення з-за шматлікіх супярэчнасцей і неадпаведнасцей.

Па словах Вячаслава Сіўчыка, яго пераслед выкліканы палітычнымі матывамі. З моманту вяртання ў Беларусь гэта ўжо 12-ты пратакол, які на яго складзены міліцыяй Цэнтральнага раёну:

– Усе былі складзены беспадстаўна. Зараз пайшоў ужо поўны “беспредел”. Міліцыя можа рабіць усё, што заўгодна. Напішуць тыя пратаколы, якія захочуць. Насамрэч я хацеў дайсці дахаты, а міліцыя мне першкаджала, таму што атрымала загад зверху мяне забраць. Вось так было. Але міліцыянты будуць казаць, што яны не маглі прачытаць пашпарт, які я ім аддаў, маю прапіску. Яны нібыта не ведалі, што гэта быў мой дом, хоць цудоўна ведаюць нават мой пад’езд.

Аднак разгляд справы быў адкладзены на 3 траўня. Адвакат, з якім Вячаслаў Сіўчык раней заключыў дамову і які ўдзельнічаў у разглядзе першай справы аб затрыманні палітыка, падчас якой міліцэйскія пратаколы былі адпраўленыя на дапрацоўку, зараз знаходзіцца ў адпачытку. Вячаслаў Сіўчык хадайнічаў перанесці разгляд справы да вяртання адваката. Суддзя задаволіла гэтае хадайніцтва.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя