Развітанне з Міхасём Шавыркіным адбудзецца 7-га ліпеня



Пайшоў з жыцця выдатны папулярызатар роднай мовы Міхась Шавыркін, шматгадовы рэдактар часопіса “Роднае слова”.

Сваімі ўспамінамі пра яго падзяліўся ягоны сябар – пісьменнік Анатоль Бутэвіч: 

– Заўсёды было тое, што яму балела, і ён гэта здолеў увасобіць у свае канкрэтныя справы. Увогуле, гэта быў чалавек камунікабельны, вакол якога групаваліся іншыя. І гэта спрыяла і тым, хто хацеў далучыцца да беларускасці, і тым, хто быў у беларускасці. Гэта для нас непапраўная страта. Гэты летні месяц для нас вельмі стратны – Янкоўскі, Картэс, Шавыркін. Мне падаецца, што ў памяці пра яго застанецца ў тых, хто яго ведаў і хто не ведаў, толькі добрае. 

За два дзесяцігоддзі, цягам якіх Міхась Шавыркін узначальваў часопіс “Роднае слова”, яго наклад вырас утрая і дасягнуў рэкордных для Беларусі дзесяці тысяч асобнікаў.

Калектыў Беларускага Радыё Рацыя выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім гэтага выдатнага культурнага дзеяча.

Развітанне з Міхасём Шавыркіным адбудзецца 7-га ліпеня.

Максім Каўняровіч. Беларускае Радыё Рацыя

Фота  nn.by