Рэпартаж журналісткі Радыё Рацыя Іны Хоміч адзначаны на Міжнароднай канферэнцыі



У Любліне завяршаецца 41-я Міжнародная канферэнцыя радыёжурналістаў.

120 рэпарцёраў з некалькіх кантынентаў цягам 5 дзён удасканальвалі сваё майстэрства ў падрыхтоўцы радыёрэпартажаў.

Сёлета ўпершыню на гэтым статусным мерапрыемстве прысутнічалі беларускія журналісты.

Рэпартаж журналісткі „Беларускага Радыё Рацыя” Іны Хоміч увайшоў у дваццатку лепшых матэрыялаў, якія дасылаліся на канферэнцыю.

– Cюды я прыехала, каб прадстаўляць свой рэпартаж, які прайшоў па конкурсе. Увайшоў у 20 нібыта лепшых рэпартажаў, і таму выпаў гонар прадставіць яго на самой канферэнцыі. Рэпартаж называецца “Жыццё на мяжы” . Ён рабіўся яшчэ напрыканцы 2012 года. Гэта быў адзін з першых рэпартажаў, які я рабіла для Радыё. Ён прысвечаны жыццю на мяжы. Літаральна жыццю людзей беларускіх вёсак, якія размешчаныя ўздоўж беларуска-польскай мяжы. 

Журналістка Літоўскага Радыё Вайда Пілбайтытэ заўважае, што ў яе краіне толькі паўстае школа радыёрэпартажу.

 – Мы ў Літве не так даўно пачалі рабіць падобныя праграмы. Мы называем іх “дакументык”, але большасць з іх – больш глыбокія рэпартажы пра тое, што людзі абмяркоўваюць у навінах і актуальных праграмах. У нас няма даўняй традыцыі такога роду жанра, таму нам вельмі важна пашырыць погляд, набраць ідэі.

Канферэнцыя майстроў радыёрэпартажу ў Любліне – The International Feature Conference – гэта 41-е па ліку падобнае мерапрыемства. Кожны год рэпарцёры з усяго свету дасылаюць свае заяўкі на ўдзел у канферэнцыі, каб удасканальваць свае майстэрства.

Беларускае Радыё Рацыя