Рэзанансная аварыя адбылася ў Гародні



Рэзанансная аварыя адбылася ў Гародні. На вуліцы Савецкіх Памежнікаў каля дзясятай вечара машына «хуткай дапамогі» збіла на пешаходным пераходзе дзяўчыну.

У машыне знаходзіўся чалавек з прыступам інфаркту. Дзве дзяўчыны пераходзілі дарогу на рэгуляваным пешаходным скрыжаванню на зялёны сігнал святлафора.

Убачыўшы, што на іх імчыцца машына хуткай, адна з дзяўчат адскочыла, а другую аўтамабіль збіў, паведаміла інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды абласной ДАІ Людміла Ракевіч:

— Пацярпелую з політраўмай даставілі ў рэанімацыю і а пятай раніцы дзяўчына ад атрыманых у выніку аўтамабільнай аварыі траўмаў, памерла. У цяперашні момант праводзіцца праверка: на які сігнал святлафора, ці былі ўключаныя мігалкі, але відавочцы кажуць, што ўсё ж мігалкі былі і сірэна таксама. Усіх сведак дапытаюць і следства ўстановіць ступень віны кожнага ўдзельніка гэтай аўтамабільнай аварыі.

Гэта другое смяротнае ДТЗ у Гародні з удзелам пешахода за суткі. Раніцай 20 красавіка на развязцы праспекта Касманаўтаў і вуліцы Будзёнага на тратуары была смяротна траўмаваная мясцовая жыхарка 1971 года нараджэння. Меркаваны вінаваты ў аварыі быў п’яны і спрабаваў уцячы ад пераследу супрацоўнікаў ДАІ.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя