Рыгор Грык атрымаў пратакол за перадвыбарчы пікет



З дастаўкай да дому баранавіцкі актывіст Рыгор Грык атрымаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні падчас выбарчай кампаніі. Пратакол даставіў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку маёр Сяргей Паўленя. Актывіста абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага пікету 8-га верасня.

Як кажа Рыгор Грык, ён прымаў удзел у пікеце як давераная асоба кандыдата Міколы Чарнавуса (старэйшага):

– Міліцыя наша не ведае, што ў час выбараў у нас заяўляльны спосаб правядзення пікетаў. Мікалай Чарнавус паведаміў наш гарвыканкам аб тым, што будзе праводзіцца пікет. У час выбараў – усе дні і ўсе дазволеныя месцы.

На думку Рыгора Грыка, уладзе не спадабаліся плакаты з надпісам: „Кантракт – удаўка для працоўнага”, „Расейскія вайсковыя базы – гэта пагроза краіне”, і яго арыштанцкая роба ды кайданкі на руках.

Беларускае Радыё Рацыя