Рыгор Кастусёў: Вымушаны гэты штраф аплаціць



Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў збіраецца ўсё ж аплаціць штраф, накладзены на яго за ўдзел у дазволеным уладамі святкаванні Дня Волі ў Менску. Палітык не лічыць сябе вінаватым, але пагрозы судовых выканаўцаў прымушаюць яго аплаціць 20 базавых велічынь. Судовыя выканаўцы напярэдадні наведалі кватэру Рыгора Кастусёва ў Шклове.

– Я настроўся плаціць гэты штраф, бо як я пабачыў і зразумеў, што будзе ад судовых выканаўцаў – могуць увесці абмежаванні на выкарыстанне аўтамабіля, могуць абмежаваць карыстанне мабільным тэлефонам. Самае прыкрае, што мне могуць абмежаваць выезд за межы Беларусі. Гэта цалкам магчыма. Ёсць у іх такая магчымасць. Таму ў дадзеным выпадку нічога не застаецца, як аплаціць гэты штраф. Бо і мая дзейнасць звязаная з многімі паездкамі, і праца. І не хацелася б пазбавіцца каштоўных рэчаў, на якія судовыя выканаўцы могуць пакласці сваё вока.

Суддзя суда Савецкага раёна Менска Марына Фёдарава пакарала намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва штрафам у памеры 20 базавых велічынь. Рыгор Кастусёў спрабаваў аспрэчыць прысуд ў вышэйшых інстанцыях, аднак станоўчага выніку гэта не прынесла.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя