Рыгору Грыку адмовілі ў правядзенні пікету



Грамадскі актывіст Рыгор Грык з Баранавіч атрымаў адмову з Баранавіцкага гарвыканкама на заяву аб правядзенні пікету 16 ліпеня. Прычына адмовы ў тым, што згодна з законам “Аб масавых мерапрыемствах”,  асобы, якія дапусцілі парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, на працягу аднаго года пасля налажэння адміністрацыйнага пакарання не могуць выступаць арганізатарамі масавага мерапрыемства.

Мэта пікету – праінфармаваць грамадзян пра свае правы на выбарах, кажа Рыгор Грык:

– Гэтым пікетам я хацеў праінфармаваць людзей, што яны маюць права ісці галасаваць, але маюць права і не ісці на выбары. Ніхто не мае права іх прымушаць, як гэта заўсёды робяць са студэнтамі і працоўнымі.

Паводле Рыгора Грыка, ён незаконна быў пакараны судом Баранавіцкага раёна за пікет у падтрымку Таццяны Караткевіч падчас выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, хоць і не быў заяўнікам гэтага пікету. А сказаць грамадзянам пра іх правы падчас выбараў зможа ў час збору подпісаў за сябе. Грык зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы