Рызыка чалавецтва вымерці ў 21-ым стагоддзі складае 1 да 500



На думку навукоўца Фергуса Сімпсана, імавернасць гібелі цывілізацыі падвышае глабальнае пацяпленне і наяўнасць на нашай планеце ядравай зброі.

Верагоднасць таго, што зямная цывілізацыя знікне да канца 21 стагоддзя складае 1 да 500 – да такой высновы прыйшоў матэматык Фергус Сімпсан, які працуе ў Інстытуце касмічных навук універсітэту Барселоны, піша The Independent.

Сімпсан пры правядзенні разлікаў зыходзіў з так званай тэарэмы аб канцы свету. Яна, як мяркуецца, дае магчымасць ацаніць колькасць насельніцтва ў будучыні на падставе дадзеных пра колькасць людзей, якія нарадзіліся на дадзены момант.

Паводле ацэнаў Сімпсана за ўсю гісторыю чалавецтва было народжана каля 100 мільярдаў чалавек, яшчэ прыблізна столькі павінна нарадзіцца, перш чым чалавецтва вымра. Аднак, згодна яго падлікам, рызыка зямной расы цалком знікнуць складае 0,2% для кожнага асобнага ўзятага году 21-га стагоддзя.

Сярод асноўных магчымых прычынаў апакаліпсіса 21-га стагоддзя Сімпсан называе падвышэнне тэмпературы ў выніку глабальнага пацяплення і небяспеку ядравай зброі (яе маюць зараз ажно 8 дзяржаваў планеты).

На гэтым тыдні сусветнавядомы брытанскі астрафізік Стывен Хокінг заявіў, што ў бліжэйшую тысячу гадоў непазбежна наступіць канец свету. Ён перакананы, што жыццё на планеце знішчыць ядравая вайна, штучны інтэлект альбо генетычна сканструяваны вірус.

Беларускае Радыё Рацыя