Са слонімскімі прадпрымальнікамі ўлады не размаўляюць



На Слонімскім цэнтральным рынку адбыўся чарговы сход індывідуальных прадпрымальнікаў, на які сабралася каля паўсотні чалавек. Сход пачаў сябра грамадскай арганізацыі “Перспектыва” Віктар Марчык, які распавёў пра сітуацыю з ІП у Беларусі. Удзельнікі таксама наведалі адно з гандлёвых памяшканняў на Першамайскай вуліцы, дзе адбываўся гандаль-распродаж скураных курткаў. Аднак у прадаўцоў былі толькі расейскія дакументы на тавар, і ніхто ім не замінаў яго прадаваць, а ў слонімскіх ІП патрабуюць беларускія дакументы, – абураецца Віктар Марчык:

– Падводзяць да таго, што ўсе дакументы, якія сапраўды ў нас прымаюцца, толькі беларускія. Каб прадпрымальнікі ішлі і разгружалі склады менавіта беларускіх вытворцаў. Прадпрымальнікі ўжо спрабавалі ездзіць на гэтыя аптовыя базы, дык там няма чаго браць. Там калі і ёсць нейкі добры тавар, які можна было б узяць прадпрымальніку, дык яны атрымліваюць яго штучна і цана паднімаецца ў разы.

Слонімскія ІП выклікалі з райвыканкаму спецыялістаў з аддзела гандлю, з падатковай і фінансавай інспекцый, а таксама з санэпідэмстанцыі. Тыя не знайшлі ў гандлі скуранымі курткамі ніякіх парушэнняў, і пры гэтым з дробнымі бізнесоўцамі размаўляць адмовіліся.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя