Салігорскія рабочыя правялі стыхійны сход



12 красавіка на 1 Рудаўпраўленні ААТ «Беларуськалій» адбыўся стыхійны сход.

Работнікі УСП Трэст «Раммантажбуд» адмовіліся выконваць сваю працу, тым самым праявіўшы сваю незадаволенасць зніжэннем аплаты працы, паведамляе сайт Незалежнага прафсаюза гарнякоў (НПГ) belnp.org.

— Учора атрымалі разліковыя лісткі, сёння падыходзяць людзі з пытаннем: што рабіць, — распавядае старшыня НПГ Трэст «Раммантажбуд» Сяргей Баброў, які браў удзел у стыхійным сходзе. — Заробак упаў удвая, я ў сакавіку 2016 года зарабляў 1400 рублёў, сёння 710. Людзі сёння пачалі абурацца, кажуць, як жыць далей? Атрымалі па 280 рублёў, а трэба выплачваць крэдыты, за што жыць? Такога ніколі не было!

Рабочыя пайшлі да лінейнага кіраўніцтва, каб яны выклікалі кіраўніцтва трэста. У сваю чаргу, дырэктар трэста Курбыка В. М. яшчэ больш абурыў работнікаў, заявіўшы, што няма такога падзення заробку, пра якое кажуць людзі:

— З’явілася адчуванне, што адміністрацыя «плавае» ў маніторынгу заробкаў, альбо папросту хавае звесткі, — кажа Сяргей. — Кіраўнік пачаў пагражаць, заяўляючы, што на наша месца прыйдуць іншыя падрадчыкі і ўсе застануцца без працы і ён, у тым ліку.

На думку работнікаў замест таго, каб паспрабаваць вырашыць праблему, ён толькі пагоршыў яе. Дзве гадзіны размоў, а ў выніку ні да чаго не прыйшлі. У сваю чаргу дзяржаўны прафсаюз, як заўсёды, змаўчаў.

На думку Сяргея Баброва, было відаць, што работнікі засталіся задаволеныя сабой, не рэагавалі на павышаны тон дырэктара:

— Рэальна адчуваю падтрымку нашых працаўнікоў, нягледзячы на тое, што не арганізоўваў нічога, усё атрымалася спантанна. І гэта выдатна, што людзі самаарганізаваліся, у гэтым я бачу толькі станоўчае. Прычына ў відавочным недаглядзе кіраўніцтва, бо праблема ўзнікла не сёння, а яшчэ пачынаючы са студзеня пачалося падзенне заробкаў. Мы хацелі агучыць гэтыя праблемы на сходзе ўчастка РМУ ў сакавіку, але з кіраўніцтва трэста, акрамя начальніка ўчастка, ніхто не прыйшоў. Убачыўшы такое стаўленне, народ устаў і проста сышоў са сходу.

Са слоў Сяргея, работнікам 1 РУ званілі работнікі з іншых пляцовак, з 2, 3 і 4 Рудаўпраўленняў, якія заявілі і нам, і свайму кіраўніцтву, пра падтрымку нашага патрабавання.

Кіраўніцтва прапанавала сабрацца заўтра выбраўшы асноўных прадстаўнікоў ад працоўнага калектыву, аб чым яны будуць гаварыць не вядома, улічваючы тую танальнасць, у якой праходзіла сённяшняя гутарка.

Тым больш адразу ж пасля гэтага выпадку работнікі адчулі найстражэйшы кантроль за распарадкам працоўнага часу. Натуральна будуць лавіць і сачыць, мяркуе актывіст прафсаюзу. Ужо пайшлі ў адрас НПГ абвінавачванні ў падрыхтоўцы гэтай акцыі, вядома ж лягчэй шукаць вінаватых у сваіх праліках.

Нагадаем, што пытанне зніжэння заробкаў і работ на УСП «Трэст» Раммантажбуд» падымаўся на Савеце прадстаўнікоў НПГ перад генеральным дырэктарам ААТ «Беларуськалій» Галаватым І. І., які ў сваю чаргу даў зразумець, што прычына не ў адсутнасці работ, а ў кіраўніцтве трэста.