Саюз палякаў у Беларусі: новыя планы і надзеі (абноўлена)



У Гародні адбылося паседжанне галоўнай рады непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў. Актывісты самай масавай арганізацыі нацыянальнай меншасці краіны абмеркавалі мінулагоднюю дзейнасць і акрэслілі планы на бягучы год.

Як зазначае старшыня Саюзу палякаў Мечыслаў Яскевіч, дзейнасць арганізацыі ад самага пачатку яе існавання мае акрэсленыя кірункі:

Найважнейшыя кірункі дзейнасці Саюзу палякаў напісаны ў яго статуце. Гэта асвета і культура, мова і розныя імпрэзы, звязаныя з асветай. Натуральна, што без асветы няма культуры. Нашы традыцыі, нашы песні – усё тое, што рабілі нашы продкі, – з цягам часу забываецца.

Што датычыць змены ў закон “Аб карце паляка”, то польская нацыянальная меншасць у Беларусі чакала яе даўно. Цяпер гэта становіцца рэальнасцю. Польскі Сейм прыняў прапанаваныя змены, якія паспрыяюць больш шчыльным сувязям паміж суайчыннікамі.

Старшыня СПБ Мечыслаў Яскевіч лічыць, што змены ў польскім заканадаўстве карысныя як для тых, хто мае намер змяніць месца жыхарства, так і для тых, хто застаецца на сваёй радзіме:

– Магчымасць адчыненых дзвярэй для маладога пакалення, а для старэйшых – гэта хутчэй сімвал. Яны кажуць: “Мы нарадзіліся ў Польшчы і хочам памерці, як польскія грамадзяне таксама”. Старэйшыя асобы заўсёды падкрэсліваюць: “Мы ніколі не выракаліся польскага грамадзянства”.

У сувязі з тым, што ў Беларусі адзначаюцца выпадкі пераследу грамадзян, якія валодаюць Картай паляка, змены ў заканадаўства прадугледжваюць магчымасць атрымання гэтага дакумента ў польскіх дзяржаўных установах.

Сябры Саюзу палякаў падчас пасяджэння галоўнай рады выказалі спадзяванне на тое, што пасля сустрэчы міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам станоўча вырашыцца пытанне легалізацыі арганізацыі. У 2005 годзе ўлады пазбавілі афіцыйнай рэгістрацыі самую масавую арганізацыю нацыянальнай меньшасці Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня