Саюз палякаў занепакоены станам польскай адукацыі



Галоўнай праблемай Саюзу палякаў у Беларусі надалей застаецца адсутнасць дзяржаўнай рэгістрацыі, якая істотна перашкаджае арганізацыі ў дзейнасці на карысць развіцця польскай адукацыі і культуры. У Гародні прайшло пасяджэнне галоўнай рады непрызнаванага беларускімі  ўладамі Саюзу палякаў. Як зазначае старшыня рады Анжаліка Борыс, у такой сітуацыі найбольш церпіць польская адукацыя, якая паступова вынішчаецца ўладамі – як на мясцовым, так і на рэспубліканскім роўні:

– Найбольш маглі б патрабаваць ад беларускіх уладаў, каб было выканана права нацменшасці, перадусім у пытанні яе адукацыі. І пры гэтым маючы легальны статус. Бо статус нелегальны звязвае нам рукі: мы не маем магчымасці актыўна ўваходзіць у школы і аддзел адукацыі, кантактаваць з міністэрствам. Найважнейшая рэч – гэта польская адукацыя.

На пасяджэнні Галоўнай рады Саюзу палякаў пастанавілі стварыць пры арганізацыі навукова-даследчы камітэт, які будзе займацца гісторыяй палякаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Анжаліку Борыс упаўнаважылі прадстаўляць інтарэсы арганізацыі на ўсіх роўнях і падпісваць дамовы пра супрацу ад імя саюзу.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня