Севярынец: Андрэй Шорац можа спыніць будоўлю ў Курапатах



У Менгарвыканкаме раніцай 1 сакавіка запланавана сустрэча старшыні гарвыканкама Менску Андрэя Шораца з прадстаўнікамі абаронцаў Курапатаў. Ужо 9 суткі каля гэтага мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў працягваецца кругласуткавая вахта грамадзянаў, якія патрабуюць спынення будаўніцтва офіснага цэнтру на тэрыторыі, якая раней уваходзіла ў ахоўную зону мемарыялу. На думку актывістаў, гэты кавалак зямлі быў выведзены з яе незаконна.

Сустрашыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец нагадаў, што некалькі дзён таму ў выканкаме Першамайскага раёна Менску было прынятае рашэнне аб працягу будоўлі.

– Гэта было рашэнне, якім чыноўнікі хочуць закрыць свае тылы, зрабіць выгляд, што ўсё правільна. Але ў рэальнасці ўсе ведаюць, што гэта беззаконне, што гэта карупцыйная схема, гэта капітальнейшае парушэнне заканадаўства, таму будзем у Шораца казаць гэта. Гэта чалавек, які можа аддаць распараджэнне спыніць будоўлю, перагледзець дэталёвы план і г.д. Будзе арганізаваны нешта накшталт круглага стала.

На сустрэчу для абмеркавання праблемы будаўніцтва каля Курапатаў запрошаны Павел Севярынец, а таксама кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, прадстаўнік грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” Марат Гаравы і адзін з жыхароў жылых дамоў, што прымыкаюць да новабуду.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя