Шчасце і клопаты сям’і Бахураў



Інваліды 1 групы Анатоль і Ганна Бахуры з Івацэвічаў спраўляюцца з выхаваннем сына Косціка, якому ўжо хутка 5 месяцаў.

Не без дапамогі няняў, але і самастойна могуць усё рабіць, хоць і маюць вялікія фізічныя абмежаванні. Кажа мама Косціка Ганна Бахур:

– Абсалютна іншае жыццё пачалося. На вачах сынок мяняецца, кожны дзень нам нешта новае прыносіць.

Анатоль Бахур:

– Гэта нам у радасць. Такое шчасце, што Косціка нам пакінулі.

Пры пенсіі каля 4 мільёнаў на сям’ю нялёгка было б будаваць сямейны бюджэт, каб не дапамагалі замежныя сябры і мясцовыя добрыя людзі. Былы прадпрымальнік Анатоль Бахур хацеў бы займацца нейкай справай, але без дапамогі  ініцыятыўнага чалавека пры яго абмежаваных магчымасцях  сам не зможа:

– Канешне, хацелася б больш зарабляць. Добра было б, каб нехта падкінуў ідэю і падтрымаў. У маім стане аднаму цяжка нешта пачынаць.

Як паведамлялася раней, мясцовыя сацыяльныя службы хацелі забраць Косціка ў бацькоў і накіраваць яго ў дзіцячы прытулак.

Беларускае Радыё Рацыя