Школьныя навучальныя праграмы плануецца абнавіць да 1 верасня



Школьныя навучальныя праграмы ў Беларусі плануецца абнавіць да 1 верасня. Аб гэтым заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка сёння, 28 красавіка, на нарадзе аб павышэнні якасці навучальных праграм і навучальных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Міністр звярнуў увагу, што работа над праграмамі і падручнікамі – сістэмны працэс. „Цяпер мы стараемся паскорыць гэты працэс, вызначаем, якія дадатковыя рэсурсы – арганізацыйныя, фінансавыя, навукова-педагагічныя – трэба падключыць, каб зрабіць гэту работу больш інтэнсіўнай і эфектыўнай”, – сказаў Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, разам з праграмамі адкарэкціраваны будуць і школьныя падручнікі. „Падручнікі не павінны быць перагружаны, але разам з тым і не павінны быць празмерна спрошчаны, – лічыць міністр. – Усё ж такі веды развіваюцца, з’яўляецца шмат новай інфармацыі, трэба правільна выбраць неабходнае”.

Разам з тым Ігар Карпенка адзначыў важную ролю настаўніка і яго ўменне карыстацца матэрыяламі, прапісанымі ў праграмах і падручніках. „Гэта пытанне падрыхтоўкі педагагічных кадраў. Мы сёння выбудавалі ланцужок дзеянняў, які дае магчымасць прыходзіць у сістэму педагагічнай адукацыі матываванай моладзі. Гэтаму садзейнічаюць пэўныя навацыі пры паступленні ў педагагічныя ВНУ. Такая сістэма дасць магчымасць нам выйсці на новы метадычны ўзровень выкладання ў агульнай сярэдняй школе”, – упэўнены міністр.

belta.by