Шматдзетныя сем’і ў Гародні засталіся без жытла



Гарадзенскія ўлады заблакавалі магчымасць атрымання кватэраў больш як для ста шматдзетных сем’яў у мікрараёне Альшанка.

alszanka9

Гарантаваныя дзяржавай умовы атрымання жытла не выконваюцца на працягу пяці месяцаў, а чынавенства адмаўляецца тлумачыць прычыны невыкананых абяцанняў. Людзі павінны былі атрымаць ключы ад кватэраў летась напрыканцы жніўня, але да гэтага часу застаюцца без абяцанага мясцовымі ўладамі жытла.

Гарадзенка Ірына Панасік не выключае, што складанасці паўсталі ў сувязі з эканамічнымі праблемамі:

– На наша пытанне адказваюць так, што няма фінансавання. Застацца без кватэры і ўсё жыццё здымаць пакой таму, што з нашымі даходамі і заробкамі пабудаваць ці купіць немагчыма. Каб узяць камерцыйны крэдыт, трэба заробак мець мінімум 15 мільёнаў. Калі б у нас быў заробак 15 мільёнаў, мы б і на кватэру назбіралі.

– Дамы стаялі ў плане на здачу. Куды падзеліся грошы? Калі яны іх выдаткавалі на іншыя патрэбы, то хай кампенсуюць усё, бо гэта не па нашай віне.

– Цяпер жывем з бацькамі: маці, бацька, сястра старэйшая, нас трое, бабуля і дзядзька. З 10-ць чалавек у трохпакаёвай кватэры.

Шматдзетныя сем’і, якія маюць праблемы з атрыманнем абяцаных гарадзенскімі ўладамі кватэраў, не выключаюць, што ў сувязі з адсутнасцю сродкаў на дафінансаванне сацыяльнага жытла, пабудаваныя кватэры могуць быць прададзеныя па камерцыйнаму кошту.

Адбылася сустрэча старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя з жыхарамі горада, якія на працягу пяці месяцаў не могуць атрымаць кватэры, пабудаваныя для іх дзяржавай паводле ільготных умоваў. Каля тысячы чалавек, у тым ліку шматдзетныя сем’і і іншыя катэгорыі ільготных забудоўшчыкаў, павінны засяліць тры дамы ў мікрараёне Альшанка, аднак гарвыканкам адмаўляецца прадастаўляць людзям гарантаванае дзяржавай жытло.

Як сцвярджаюць удзельнікі сустрэчы, мэр горада і яго падначаленыя не здолелі патлумачыць прычыны, па якіх жытло не ўводзіцца ў эксплуатацыю:

– У шоку канешне таму, што з аднаго ў іншае, абяцанні і нічога канкрэтнага: “На працягу месяца чакайце”. А чаго чакаць?

– Па закону маем права, мы ўжо дзесяць гадоў па закону чакаем гэтага жытла, і нам дзяржава абяцала: “Вы яго атрымаеце. Вы ільготная катэгорыя грамадзян. Вы па закону маеце права на гэтыя дамы”. Але чамусьці па закону нам сказалі: “Ніякіх правоў вы ўсё ж такі не маеце”. Мы запрасілі журналіста з “Вячэрняга Гродна”, яна афіцыйныя падавала запыты ў адміністрацыю да начальнікаў ўсіх аддзелаў. Яе выгналі, сказалі: “Прэса ў дадзеным пытанні вам ніяк не дапаможа”.  

Каля трохсот кватэраў у мікрараёне Альшанка пабудаваныя для ільготных катэгорый грамадзян паводле дзяржаўнай праграмы будаўніцтва жытла і згодна з  пастановай беларускага ўрада. Не выключана, што ў сувязі з цяжкім эканамічным становішчам кватэры могуць быць прададзеныя па камерцыйных коштах, а людзі надалей застануцца без жытла, атрыманне якога чакалі больш за дзесяць гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня