Шопінг беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў прынясе Польшчы 2,5 млрд. еўра



Госці з Усходняй Еўропы купляюць у Польшчы будаўнічыя матэрыялы, бытавую тэхніку, а таксама аўтазапчасткі.

За першы квартал гэтага году грамадзяне Беларусі, Расеі і Украіны патрацілі ў Польшчы амаль паўмільярда еўра – на 11,6% больш, чым у адпаведны перыяд мінулага году. Цікавую статыстыку публікуе польскае выданне Dziennik Gazeta Prawna.

Як піша газета, прыток валюты ад гасьцей з-за ўсходняй мяжы Польшчы – пераважна заслуга ўкраінцаў, якія масава прыяжджаюць на працу. Яны пакінулі ў Польшчы ажно 300 мільёнаў еўра – на чвэрць больш, чым за адпаведны перыяд мінулага году. А вось выдаткі беларусаў, якія займаюць другую пазіцыю, скараціліся на 4,6%. Эканамічны крызыс прымусіў беларусаў менш купляць за мяжой. У параўнанні з папярэднімі гадамі скараціліся таксама пакупкі расейцаў.

Госці з Беларусі, Расеі і Украіны выдаткоўваюць 83% грошай на нехарчовыя тавары – пераважна будаўнічыя матэрыялы, бытавую тэхніку, а таксама аўтазапчасткі.

Калі дынаміка з першага кварталу захаваецца, то беларусы, расейцы і ўкраінцы да канца году патрацяць у Польшчы каля 2,5 мільярдыаў еўра.

radyjo.net са спасылкай на Dziennik Gazeta Prawna

Фота Белта