„Што? Дзе? Калі?” – на „Мове нанова” ў Берасці



На мерапрыемства ў Берасці прыйшло больш за тры дзясяткі чалавек, якія пасля навучальнай часткі падзяліліся на шэсць камандаў і спаборнічалі міжсобку. У працэсе гульні каманды адказалі на 14 пытанняў, па выніках адказаў на якія і быў вызначаны пераможца.

2

Госцем курсаў “Мова нанова” ў Берасці быў ітэлектуал Павел Свярдлоў, а тэмай вечарыны – гульня “Што? Дзе? Калі?”. Павел з’яўляецца ўладальнікам “Крышталёвай савы” і таму ў якасці запрошанага апынуўся нездарма, расказала арганізатарка імпрэзы Вольга Малафеечава:

– Ён чалавек, які не толькі гуляе ў гэтую гульню, але і добра валодае беларускай мовай, таму мы вырашылі сумясціць гэтыя дзве пазіцыі. Нашы людзі вельмі любяць гуляць у інтэлектуальныя гульні па камандах і тым больш гэта магчымасць пачаць абмеркаванне пытанняў, паразмаўляць па-беларуску і пачуць нешта новае.

Пасля заняткаў Павел Свярдлоў пракаментаваў сітуацыю з беларускай мовай у асяродку аматараў інтэлектуальных гульняў:

– На жаль у “Што? Дзе? Калі?” сітуацыя з беларускай мовай прыкладна такая, як і ва ўсім беларускім грамадстве. То бок, апошні раз на прафесійных спаборніцтвах я чуў пытанне па-беларуску гады тры таму. Натуральна канешне ўсе кажуць, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, але такі дысбаланс паміж гэтымі мовамі не можа не засмучаць.

“У сувязі з цяперашняй лаяльнасцю ўладаў да беларускай мовы, вышыванак, праяваў нацыянальных ініцыятываў, ёсць шанец і на тое, каб крыху палепшыць сітуацыю з мовай у інтэлектуальных гульнях, такіх як “Што? Дзе? Калі?”, – зазначыў Павел Свярдлоў.

3

Каманда пераможца пад назвай “Праходзілі міма” атрымала падарункі – кнігі ад спонсараў курсаў “Мова нанова”. Пасля завяршэння заняткаў жадаючыя задалі пытанні госцю вечара ды правялі супольную фотасесію.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце