Што яшчэ чакае зборшчыкаў подпісаў за сцяг?



Судовыя выканаўцы апісалі ноўтбук актывіста, які збіраў подпісы за сцяг. Актывіст Арцём Бабоўнікаў сабраў звыш тысячы подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Па факце выстаўлення пікетаў каля прыпынкаў метро Бабоўнікаў быў пакараны шэрагам адміністрацыйных штрафаў. “Арцём сабраў звыш тысячы подпісаў і займеў праблемы з гэтай прычыны,” – гаворыць актывіст Павел Пракаповіч.

–  Судовыя выканаўцы ломяцца ў яго кватэру, і гэта пры тым, што ў яго нарадзілася дачка. На яго адразу ўсё навалілася. Ён усяго сябе аддаў на працягу гэтых тыдняў збору подпісаў, а цяпер вымушаны адчуваць на сабе і сваёй сям’і ціск уладаў.

“З падобнай праблемай могуць сустрэцца і іншыя зборшчыкі подпісаў бліжэйшым часам,” – дадаў Павел Пракаповіч. Бабоўнікаў адзначае, што не паспеў  сплаціць штрафы з-за занятасці. Судовыя выканаўцы не прынялі да ўвагі сітуацыю актывіста. Цягам месяца па ініцыятыве Змітра Дашкевіча адбываўся збор подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. У Міністэрства культуры было перададзена звыш 10 з паловай тысяч подпісаў.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск