Штрафы за збор подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг



Баранавіцкія актывісты Руху “За свабоду” Юрый Казакевіч і Уладзімір Гундар пакараныя судом горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна штрафам у 25 базавых велічынь, што складае 525 новых рублёў.

Суддзя Таццяна Груда палічыла збор подпісаў несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, у якім актывісты ўдзельнічалі паўторна на працягу года. Прысутны на судзе старшыня Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч  лічыць, што гэта не суд, а расправа над актывістамі:

— Працягваецца звычайная практыка пакарання найбольш актыўных людзей У Беларусі, якія не баяцца выказваць сваіх грамадскіх поглядаў. На маю думку рашэнне суда абсалютна абсурднае, бо ў гэтай сітуацыі разглядалася справа пра збор подпісаў, а збор подпісаў у нашай краіне пакуль яшчэ не забаронены.

Праваабаронца Сяргей Гоўша:

— А як яшчэ сабраць подпісы? На судзе Гундар гаварыў: назавіце мне, якім чынам можна збіраць подпісы і не парушыць ніякага закону?  

Актывісты ня будуць абскарджваць рашэння суда. Яны лічаць гэта бессэнсоўным. Прыгадаем, што сёлета ў красавіку Уладзімір Гундар і Юрый Казакевіч былі пакараны штрафам у 20 базавых велічынь кожны за віншаванне кветкамі  жыхароў Баранавічаў з Днём волі.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

 

Беларускае Радыё Рацыя