Сібірская маці Пілсудскага і пінскія „юзафінкі”



Гэтая гісторыя пачалася ў глыбі Расеі ў цэнтры Сібіры і завершыцца для кожнага з герояў па-рознаму. Юзаф Пілсудскі адродзіць незалежнасць Польшчы, Аляксандр Іназемцаў узначаліць Палесскую і Пінскую епархію, стане мітрапалітам Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Вядомыя імёны, за славаю якіх хаваецца лёс звычайнай жанчыны – Анастасіі Мікалаеўны Іназемцавай.

Справа ў тым, што калі 20-гадовы рэвалюцыянер Юзаф прыбаў на месца ссылкі, Анастасія Мікалаеўна ўзяла апякунства над юнаком, дапамагала ежай, адзеннем. На той момант у Іназемцавай быў гадавалы сын Аляксандр. Вось так упершыню перасекліся лёсы будучага іерарха праваслаўнай царквы і кіраўніка польскай дзяржавы. Гэтага факта няма ў афіцыйнай біяграфіі Пілсудскага, але як жа гісторыя дайшла да нашых дзён? Праз шмат год, калі Іназемцавы ўжо жылі ў Пінску, у асяродку Анастасіі Мікалаеўны былі выхадцы з рускага роду князёў Абаленскіх. Яны беглі з Расеі ратуючыся ад бальшавікоў. Дык вось, Абаленскія занатавалі аповяды Іназемцавай.

????????????????????????????????????

А як жа Іназемцавы апынуліся ў Польшчы, ды яшчэ ў горадзе над Пінай? Далейшы лёс гэтай сям’і толькі падмацоўвае словы Анастасіі Мікалаеўны. У 1913 годзе Аляксандр паспяхова скончыў Духоўную Акадэмію ў Пецярбургу і застаўся працаваць пры ўстанове. З прыходам бальшавікоў трапіў у Менск, адкуль пераехаў ва Украіну да частак Белай арміі, а адтуль у Італію. Так сям’я Іназемцавых пакінула межы былой Расейскай імперыі.

Пілсудскі ўсё жыццё памятаваў сібірскі перыяд і людзей, якія яму дапамаглі вытрымаць часовыя выпрабаванні. Сям’я Іназемцавых увогуле дала прытулак, таму ў 1921 годзе Аляксандр разам з маці па запрашэнні наведваюць Варшаву і застаюцца ў Польшчы. Спачатку Аляксандр стаў епіскапам Люблінскім, а затым Пінскім і Палесскім. У 1922 годзе Іназемцавы пераехалі ў палесскую сталіцу. Абаленскія казалі, што ва ўсім гэтым ім дапамог сам польскі кіраўнік. Ды і як быць з тым, што наведаўшы Пінск, Пілсудскі першым чынам здзейсніў візіт у дом Аляксандра і Анастасіі Мікалаеўны.

Maci2

12 траўня 1935 года з Варшавы прыйшла сумная навіна – памёр вялікі маршал. Анастасія Іназемцава ўжо была ў досыць сталым узросце (83 гады), але на яе лёс яшчэ выпадуць трагічныя гады. Жыццёвы шлях завершыцца ў красавіку 1943 года. У Пінску Анастасія Мікалаеўна займалася культурна-асветніцкай дзейнасцю з праваслаўнымі дзецьмі. Яе памятаюць, як прыстойную жанчыну з моцным характарам і прагай да жыцця.

????????????????????????????????????

На момант смерці маці Аляксандр ужо меў сан мітрапаліта Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. 7-10 лютага 1942 года ў Пінску адбыўся Сабор праваслаўнага духавенства, на якім было заяўлена аб стварэнні УАПЦ.

Maci4

Пасля 1944 года мітрапаліт Аляксандр апынуўся ў Мюнхене, дзе і заўчасна памёр ва 60-гадовым узросце. Ёсць версія, што яго забілі савецкія агенты, але як сцвярджае дачка асабістага кіроўца Іназемцава Валянціна Длуга, іерарх памёр з-за таго, што ў яго не было сродкаў, каб набыць неабходныя лекі.

Тры гарады Варшава, Мюнхен і Пінск: у кожным з гэтых месцаў пастаўлена кропка ў гісторыі, якая пачалася ў глыбі Расеі ў Сібіры…

P.S. – А як жа “пінскія юзафінкі”? Калі Юзаф Пілсудскі наведаў Пінск, ён завітаў на гарбату ў адну з мясцовых кандытарскіх, дзе пасмакаваў новае пірожанае. Яно вельмі спадабалася кіраўніку Польшчы. Ад таго часу пірожанае атрымала назву “юзафінкі” і карысталася попытам сярод пінчан да Другой сусветнай вайны. Ці то праўда пра Пілсудскага, ці не, але так сцвярджаў уладальнік кандытарскай Людвіг Данількевіч. Мо то рэкламны ход?!

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя