СК працягнуў расследаванне забойства Юрыя Захаранкі



Следчы камітэт Беларусі ў чарговы раз працягнуў расследаванне забойства экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі на тры месяцы, паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Волчак, які прадстаўляе інтарэсы сям’і Захаранкі. Волчак атрымаў адпаведнае апавяшчэнне з СК у пачатку тыдня.

„Атрымаў пісьмовае паведамленне ад следчага аб тым, што справа Захаранкі працягнутая да 24 снежня 2016 года. Напісана скупа, маўляў, пра ход разгляду справы паведамяць дадаткова, больш там ніякай інфармацыі няма”, — сказаў Волчак.

Нагадаем, 1 жніўня Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне суда Кастрычніцкага раёна сталіцы ад 30 мая, які не стаў разглядаць справу аб прызнанні без вестак зніклага Захаранкі памерлым, матываваўшы гэта няскончаным расследаваннем крымінальнай справы па факце ягонага забойства. У судзе высветлілася, што ў пачатку 2000-х з аналагічным іскам аб прызнанні Захаранкі памерлым у суд звярталася яго жонка Вольга. Рашэнне аб прыпыненні разгляду яе іску было прынятая 9 верасня 2002 года, і паводле тых жа падстаў — няскончанае папярэдняе расследаванне.

Юрый Захаранка ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі на выбарах першага прэзідэнта Беларусі і ў ліпені 1994 года, адразу пасля абрання Лукашэнкі, быў прызначаны на пасаду міністра ўнутраных спраў. У кастрычніку 1995 года Лукашэнка адправіў Захаранку ў адстаўку. Затым былы міністр быў паніжаны ў званні да палкоўніка міліцыі і звольнены з МУС нібыта за грубыя фінансавыя парушэнні і хібы ў працы.

Неўзабаве пасля гэтага Захаранка перайшоў на бок апазіцыі. У лютым 1998 года ён узначаліў камітэт па бяспецы ў складзе ценявога ўрада. Вясной 1999 года былы прыхільнік Лукашэнкі актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта, уваходзіў у каманду былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы па зборы подпісаў.

Увечары 7 мая 1999 года Захаранка знік па дарозе дадому ў раёне вуліцы Магілёўскай у Менску. Справа па факце ягонага забойства была распачатая 17 верасня 1999 года па артыкуле 101 КК (наўмыснае забойства), але не завершаная да гэтага часу. Расследаванне абставінаў знікнення апальнага генерала знаходзіцца на кантролі Камітэта ААН па правах чалавека.