Скандынаўскія журналісты збіраюць грошы на штрафы



Журналісты з краін Скандынавіі абвясцілі пра старт кампаніі па зборы сродкаў на выплату штрафаў беларускім калегам, якіх актыўна прыцягваюць да адказнасці за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

20160520_165430

Як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), кампанія была абвешчаная падчас семінара журналістаў-фрылансераў з Нарвегіі, Даніі, Швецыі і Фінляндыі (Nordic Freelance Seminar), што адбыўся ў Нарвегіі.

„Штрафы бываюць удвая большыя, чым сярэдні заробак у Беларусі. Удзельнікі семінара фрылансераў з Паўночных краін 2016 года жадаюць зменшыць груз для аштрафаваных журналістаў у Беларусі і выказаць салідарнасць з калегамі, якіх пераследуюць”, — гаворыцца ў звароце журналістаў.

Непасрэдна падчас семінара было сабрана 240 еўра. Збор сродкаў будзе доўжыцца да 1 ліпеня, ім будзе займацца Нарвежскі саюз журналістаў.

Паводле baj.by

Фота baj.by