«Славкалій» пабудуе камбінат у Беларусі за грошы Кітая



Кампанія «Славкалій» атрымала ад Дзяржаўнага банка развіцця Кітая першы транш у памеры 300 млн долараў. Грошы прызначаныя для будаўніцтва камбіната па вытворчасці калійных угнаенняў у Беларусі.

Як распавёў расейскі бізнесмен Міхаіл Гуцарыеў, праектаванне ўжо ідзе: «Я думаю мы прыступім да будаўніцтва вясной. Пяць гадоў і камбінат будзе працаваць», – прыводзіць ТАСС яго словы.

Калійныя ўгнаенні ў Кітай Гуцарыеў плануе прадаваць праз «Беларускую калійную кампанію». Ён таксама дадаў, што пакуль не вядзе перамоваў з іншымі патэнцыяльнымі пакупнікамі прадукцыі «Славкалія», тым не менш, разглядае і іншыя рынкі збыту, акрамя Кітая. «У дадзеным выпадку, хто заплаціць больш», – растлумачыў Гуцарыеў.

Праект будаўніцтва Нежынскага калійнага горна-абагачальнага комплексу «Славкалій» стартаваў у Любаньскім раёне ў верасні. Кошт ацэньваецца ў 1,7 млрд даляраў. Сыравіннай базай будучага ГОКа з’яўляецца Нежынскі ўчастак Старобінскага радовішча калійных соляў, які ўваходзіць у склад горна-абагачальнага комплексу.

Фінансаванне праекта будзе ажыццёўлена як за кошт сродкаў інвестара – групы бін – у памеры 268 млн долараў (15%), так і шляхам прыцягнення крэдыту Дзяржаўнага банка развіцця Кітая ў памеры 1,4 млрд даляраў праз Беларусбанк па стаўцы 4% гадавых на 14 гадоў, з першай выплатай па крэдыце праз 5 гадоў. Гарантам па крэдыце выступае ўрад рэспублікі.

Кампанія «Славкалій» заснавана ў 2011 годзе і належыць расейскаму прадпрымальніку Міхаілу Гуцарыеву.