Слонімскі грамадскі цэнтр падвёў вынікі паўгадавой працы



У Слоніме адбыўся брыфінг, на якім былі падведзены вынікі працы Слонімскага грамадскага цэнтра за першае паўгоддзе 2015 года. Мэтай дзейнасці цэнтра з’яўляецца аказанне садзейнічання грамадскім арганізацыям і ініцыятыўным групам грамадзян у іх узаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады, адстойванні сваіх законных правоў і інтарэсаў ў рэалізацыі грамадскіх ініцыятываў на Гарадзеншчыне.

Кіраўнік цэнтра Іван Шэга адзначыў, што за першае паўгоддзе Слонімскі грамадскі цэнтр правёў шэраг розных семінараў у Слоніме, Дзятлаве, дзе прайшлі навучанне грамадскія актывісты са Слоніма, Ліды, Дзятлава і Ваўкавыска. Адбылася цікавая сустрэча з каардынатарам консорцыума Eurabelarus Андрэем Ягоравым. Падчас сустрэчы ішла размова аб месцы і ролі Беларусі ў гэтым еўрапаейскім праекце, аб сучасным стане беларускага грамадства, аб магчымых шляхах удзелу грамадства ў прыняцці рашэнняў на мясцовым узроўні.

Іван Шэга нагадаў, што ў Слонімскім грамадскім цэнтры адбыўся і міжнародны семінар, у якім прынялі ўдзел трэнеры з Харватыі Паўла Раўжан і Міленка Турнішкі.

Дзякуючы грамадскаму цэнтру ў Слоніме, адбыліся і два турніры сярод моладзі на прыз наданню Слоніму Магдэнбургскага права. Гэта турніры па шахматах і па футболе. Цэнтр правёў і шэраг іншых цікавых і карысных сустрэч і мерапрыемстваў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.

Фота аўтара.