Слонімцы: Падтрымаем беларускамоўныя газеты!



У суботу, 5 снежня, адбылося пасяджэнне сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. Падчас пасяджэння грамадскі актывіст Віктар Марчык выступіў з прапановай падтрымаць беларускамоўныя газеты падчас падпіскі на 2016 год. “Зараз у Беларусі ідзе падпісная кампанія на 2016 год. Таму ёсць прапанова падтрымаць падпісную кампанію на беларускамоўныя выданні “Наша слова”, “Краязнаўчую газету”, “Нашу ніву”, “Новы час” і “Культуру”. Гэтыя газеты выдаюцца толькі на роднай мове. І іх, як бачыце, зусім мала. Астатнія выданні ў нас выходзяць па-расейску, ці на дзвюх мовах. Таму заклікаю падтрымаць нашы родныя выданні”, – сказаў Віктар Марчык.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Прапановы Віктара Марчыка поўнасцю падтрымалі ўсе сябры згуртавання. А некаторыя ў гэты дзень пайшлі на паштовыя аддзяленні і выпісалі вышэй названыя газеты.

Ад імя Слонімскага грамадскага цэнтра, які існуе на базе інфармацыйна-кансультацыйнай установы “Шэгамедкансульт” Іван Шэга сказаў, што на днях іх цэнтр выпіша ўсе выданні на паўгоддзе.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл звярнуліся да ўсіх беларусаў, каб яны далучыліся да слонімцаў і правялі шырокія падпісныя кампаніі выданняў на роднай мове.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара.