Службовыя асобы „Нафтана” асуджаныя ў Віцебску



У Віцебскім абласным судзе 1 снежня пастаноўлены прыгавор па справе былых службовых асоб Наваполацкага ААТ „Нафтан”.

Паводле дадзеных следства, намеснік гендырэктара і двое яго падначаленых у мэтах атрымання матэрыяльнай выгады ў чэрвені 2011 года ўвайшлі ў злачынную змову з трыма прадстаўнікамі камерцыйных структур. Сутнасць супрацьпраўнай дзейнасці заключалася ў атрыманні хабараў за аказанне дапамогі ў заключэнні кантрактаў з ААТ „Нафтан”.

У выніку заключаных кантрактаў па неабгрунтаваным кошце ААТ „Нафтан” быў нанесены ўрон больш чым на 46 млрд рублёў, а сума хабараў службовым асобам склала больш за 240 тыс. еўра.

Падчас папярэдняга расследавання прынятыя следствам меры далі магчымасць пакрыць нанесеную прадпрыемству шкоду на суму больш за 38 млрд рублёў.

Галоўнага фігуранта па сукупнасці злачынстваў суд прыгаварыў да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, а таксама звязаныя з правядзеннем юрыдычна значных дзеянняў, на тэрмін пяць гадоў, з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Другому фігуранту прызначана дзевяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, а таксама звязаныя з правядзеннем юрыдычна значных дзеянняў, на тэрмін пяць гадоў, з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Трэцяму — сем гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, а таксама звязаныя з правядзеннем юрыдычна значных дзеянняў, на тэрмін пяць гадоў, з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Суд пастанавіў спагнаць на карысць ААТ „Нафтан” з трох абвінавачваных у салідарным парадку ў якасці кампенсацыі шкоды, нанесенай злачынствам, 2,182 млн рублёў (дэнамінаваных).

На карысць дзяржавы абвінавачваныя павінны выплаціць больш за 400 тыс. рублёў. Найбольшую суму — каля 208 тыс. рублёў — былы намеснік гендырэктара.

Прысуд законную моц не набыў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку ў Вярхоўным судзе.

belapan.by