“Смачна есці” з Алесяй Аўласевіч



Гарадзенцаў, што прыйшлі на курсы “Мова нанова”, смачна і па-беларуску вучыла гатаваць кулінарная блогерка з Гомеля Алеся Аўласевіч. Прысутныя даведаліся, як па-беларуску называецца тая ці іншая страва, і ў гульнявой форме вывучылі шмат новых беларускіх слоў, звязаных з ежай.

Хто такі кулінарны блогер і як ім стаць – Алеся Аўласевіч распавяла слухачам Беларускага Радыё Рацыя:

– Кожны гаспадар ці гаспадыня, якія прыйшлі на кухню і набылі нейкія прадукты, складнікі, адразу могуць станавіцца кулінарнымі блогерамі. Бо яны могуць узяць свой тэлефон ці фотаапарат, сфатаграфаваць працэс або зняць гэта нават на відэакамеру. Зараз гэта нескладана робіцца. А калі яшчэ набыць штатыў, то і выява будзе стабільная, таму будзе вельмі цікава назіраць за тым, як гатуюць. 

Па словах дзяўчыны, вывучэнне беларускай мовы на звычайнай кухні патрэбна кожнаму беларусу. А сама Алеся Аўласевіч праз кулінарны блог добра авалодала мовай і стала кіраўніком Таварыства беларускай мовы ў сябе ў рэгіёне і вядоўцам курсаў беларускай мовы для дзетак.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня