Спад эканомікі можа актывізаваць грамадства?



“Наступствам пагаршэння эканамічнага становішча стане палітычная актывізацыя насельніцтва”, – мяркуе кобрынскі актывіст Алесь Мех.

Алесь Мех

Ён прыгадвае, што ў самым Кобрыне многія людзі страцілі працу з прычыны закрыцця, альбо праблемаў, на шэрагу прадпрыемстваў, у тым ліку на кансервавым заводзе, на буйным прадпрыемстве “Палессе”, мясцовую птушкафабрыку ўвогуле прызналі банкрутам.

Паводле актывіста, гэтая сітуацыя не можа трываць бясконца, і словы “абы не было вайны, як ва Украіне” ўжо не будуць мець значэння:

– Людзям трэба карміць сем’і, людзям трэба плаціць за адукацыю, людзям трэба набываць лекі і карыстацца медычнай дапамогай. Калі чалавек сустракаецца з гэтымі нявырашанымі праблемамі, ён думае, як іх вырашыць. І тут ужо сітуацыя ва Ўкраіне, у іншых краінах, не мае ніякага значэння.

“У рэгіёнах вельмі нестабільная сітуацыя. Калі Менск і Менскі раён яшчэ могуць прапанаваць працу, то ў рэгіёнах такой магчымасці няма, паколькі мае месца слабое развіццё мясцовых эканомік”, – дадае Алесь Мех.

Паводле экспертаў “Беларусь у фокусе”, да канца году колькасць беларусаў, якія не могуць знайсці працу, рэзка павялічыцца і перавысіць 300 тысяч. Попыт на працоўныя месцы ўжо значна перавышае колькасць вакансій. Самы заўважны спад вакансій і самы актыўны рост рэзюмэ адзначаецца сярод прадстаўнікоў рабочых спецыяльнасцяў, аўтамабільнага бізнесу, транспарту і лагістыкі, вытворчасці, будаўніцтва і нерухомасці. Як піша “Заўтра тваёй краіны”, пераважная большасць вакансій у службе занятасці – нізкааплатныя працоўныя месцы для некваліфікаваных работнікаў.

Адпаведна з праграмай садзейнічання занятасці насельніцтва на 2015 год, колькасць беспрацоўных можа вырасці да 180 тысяч. Паводле ўрадавых экспертаў, шукаць працу на канец 2015 году будзе 280 тысяч чалавек, а гэта 6% працаздольнага насельніцтва.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя