Справу незалежнай журналісткі Аліны Скрабуновай закрылі



Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Алена Волкава спыніла справу незалежнай журналісткі Аліны Скрабуновай, якая абвінавачваецца ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ, з-за заканчэння тэрмінаў накладання адміністрацыйнага спагнання.

27E5CD76-AD76-484B-9DE9-B81C2881118A_cx0_cy4_cw0_mw1024_s_n_r1

Нагадаем, 23 ліпеня суд пачаў разгляд адміністрацыйнай справы Скрабуновай, якую супрацоўнікі Ленінскага РАУС абвінавацілі ў датычнасці да вырабу відэасюжэтаў для замежнага СМІ – тэлеканала „Белсат” без акрэдытацыі ў МЗС як замежнага журналіста. У падрыхтаваных Скрабуновай інтэрв’ю гаварылася пра сітуацыю, у якую трапілі работнікі збанкрутавалага прадпрыемства „Строммашына”. Матэрыялы ўвайшлі ў рэпартаж, які выйшаў у эфір 26 траўня.

Судовае пасяджэнне двойчы пераносілася па хадайніцтве журналісткі з-за немагчымасці прысутнасці яе адваката. Сёння на пасяджэнні Скрабунова заявіла, што не рыхтавала інтэрв’ю з названымі міліцыяй асобамі, паколькі ў той дзень на „Белсаце” ужо выйшаў рэпартаж, у вырабе якога яе абвінавачваюць.

Згодна з матэрыяламі справы правапарушэнне, якое інкрымінуюць Скрабуновай, было здзейснена 26 траўня, а тэрміны для накладання адміністрацыйнага спагнання скончыліся 27 ліпеня, гаворыцца ў сённяшнім рашэнні суда Ленінскага раёна. Па гэтай прычыне суддзя Волкава спыніла адміністрацыйны працэс у дачыненні да журналісткі.