Справу верніка-прызыўніка Віктара Каліны зноў разглядалі ў судзе



Дзяржава баіцца злоўжыванняў на рэлігійнай глебе. Пракуратура Берасця падала касацыйную скаргу на апраўдальны прысуд па крымінальнай справе верніка-прызыўніка Віктара Каліны. Дзяржаўны вінаваўца заявіў, што прыналежнасць Віктара да рэлігійнай арганізацыі сведак Ягова не даказана і што апраўдальны прысуд можа паспрыяць росту ўхіленняў ад войска. У віну Віктару ставілася таксама адсутнасць пісьмовага абскарджвання рашэння прызыўной камісіі аб накіраванні на службу. “Падобныя высновы пракурора не робяць мяне вінаватым”, – сказаў нашаму радыё Віктар Каліна пасля перагляду крымінальнай справы ў абласным судзе.

 – Я жадаў, каб суд прыняў рашэнне на маю карысць, то бок апраўдаў мяне, каб пагадзіўся з тым рашэннем, якое вынес Маскоўскі суд. Прачытаўшы пратэст пракурора, я не быў у захапленні, таму што там думкі былі такія, якія я лічу не разумнымі.

Судовая калегія пакінула прысуд без змяненняў. Прыналежнасць хлопца да рэлігійнай плыні сведак Ягова была цалкам даказана падчас пасяджэння. На прызыўніка Віктара Каліну завялі крымінальную справу пасля яго адмовы следаваць у вайсковую частку. У ваенкаматах ігнаравалі яго жаданне адслужыць свой грамадзянскі доўг альтэрнатыўна, аргументуючы гэта неўступленнем у сілу закона “Аб альтэрнатыўнай службе”. Закон пачне дзейнічаць з лета 2016 года. Да таго часу лёс вернікаў з пацыфісцкімі поглядамі будзе залежыць не толькі ад камісарыятаў, але і ад суддзяў.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя