Старэйшына Стаўроў выйграў суд у сельвыканкама



Старэйшына вёскі Стаўры Аршанскага раёна Ігар Грышанаў выйграў суд фактычна ў дзяржавы – у Бабініцкага сельскага выканкама, да якога адносіцца вёска.

1а(2)

Справа ў тым, што Грышанаў паставіў у вёсцы маленькую альтанку плошчай 2 квадратных метры, каб жыхары вёскі маглі чакаць аўталаўку. Праз нейкі час сваю альтанку паставіў ужо сельвыканкам, а старэйшыне вёскі 8 кастрычніка было зроблена пісьмовае прадпісанне пра захоп зямлі. Аднак пакаранне за самаўпраўства паводле адміністратыўнага кодэксу мусіць выносіцца у тэрмін 2-х месяцаў, але пратакол на Грышанава склалі толькі 29 снежня, амаль праз тры месяцы. Больш за тое, пратакол быў адасланы судом на дапрацоўку, а пасля вярнуўся ў суд з пазнакай, што Грышанаў ад подпісу адмовіўся. Сам жа старэйшына Стаўроў распавёў, што не ведаў ні пра якую дапрацоўку пратакола, а таму ніхто яму падпісваць выпраўлены варыянт нават не прапаноўваў.

Суддзя Іна Кохава прыняла рашэнне закрыць справу з фармулёўкай: “заканчэнне тэрміну даўніны”. У размове з “Радыё Рацыя” Ігар Грышанаў паведаміў пра тое, што наперадзе яшчэ шмат працы з паперамі:

– Напярэдадні была сустрэча жыхароў нашай вёскі і ДРСУ-181, дарога ў вёску будзе палепшаная да красавіка. Так што адна даўняя праблема будзе вырашаная. Што тычыцца зямлі, на якой знаходзіцца альтанка, дык я ў бліжэйшы час буду прасіць улады выдзеліць мне зямельны ўчастак там жа, каб паставіць на пляцоўцы тэнісны стол для вяскоўцаў, перадусім для дзяцей. Раней з гэтым былі праблемы, мяне з райвыканкама завалілі стосам лістоў, дзе пісалася, што на гэтым месцы, дзе я хачу ўзяць зямлю, ледзьве не горад збіраюцца будаваць! Спадзяюся, мне дадуць гэтую зямлю і наша вёска працягне развівацца.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя