Старшынём БАЖ абраны Андрэй Бастунец (абноўлена)



У Менску прайшоў ІХ з’езд Беларускай асацыяцыі журналістаў. Была прынята пастанова, стратэгія арганізацыі на наступныя тры гады.

IMG_5488

Сімвал мінулага дваццацігоддзя арганізацыі, кіраўнічка яе – Жанна Літвіна, заявіла пра свой зыход з пасады старшыні.

– БАЖ – гэта ўся наша супольнасць. Сёння яна шматлікая – больш за тысячу сябраў арганізацыі. Гэта сіла. Самае важнае для кожнага чалавека – адчуць той момант, калі яму прыйшоў час сысці. Мне падалося, што тое што магла, я ўжо выканала, і з чыстым сумленнем магу перадаць сваю пасаду са спадзяваннямі, што арганізацыя ўсё роўнай застанецца вельмі трывалай.

Паводле яе меркавання, новы кіраўнік – Андрэй Бастунец, якога абралі дэлегаты з’езду ў выніку адкрытага галасаваньня, здолее працягваць місію арганізацыі па абароне правоў журналістаў.

Сярод найважнейшых задач, над якімі мусіць працаваць Беларуская асацыяцыя журналістаў, з’езд вызначыў:  зрабіць беларускае заканадаўства ў галіне свабоды слова адпаведнай нормам Канстытуцыі і міжнародным нормам, даць фрылансерам правы на збор і распаўсюд інфармацыі, а таксама бараніць медыяпрастору ад варожай нацыянальнай прапаганды.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

* * *

Новым кіраўніком грамадскага аб’яднання „Беларуская асацыяцыя журналістаў” стаў 48-гадовы Андрэй Бастунец, які займаў пасаду намесніка старшыні БАЖ.

photo 1

Жанна Літвіна не выстаўляла сваю кандыдатуру на пасаду старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв’ю часопісу „Абажур” напярэдадні з’езда:

„Я б хацела сваім сыходам падвесці своеасаблівую рысу пад перыядам у гісторыі БАЖу, звязаным з няспынным пераследам людзей нашай прафесіі, жорсткім дзяржаўным рэгуляваннем і ўмяшаннем у нашую працу. Вельмі хочацца спадзявацца, што самыя жорсткія выклікі і выпрабаванні, трагічныя падзеі засталіся ў мінулым”, – адзначыла Літвіна.

Паводле яе, вырасла новая генерацыя журналістаў і лідараў, якія здольныя адказваць на выклікі часу.

photo 2

Сярод 83 дэлегатаў з’езда знаходзіцца наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі:

– На пачатку старшыня арганізацыі Жанна Літвіна прапанавала ўставаннем ушанаваць памяць адыйшоўшых сябраў грамадскай арганізацыі за мінулыя гады. У справаздачы было вызначана тое, што прадстаўляе небяспеку для журналісцкай супольнасці, у першую чаргу гэта свабода слова ў нашай краіне. Старшыня арганізацыі адзначыла, што да сённяшняга дня не прыведзены ў адпаведнасць з еўрапейскімі стандартамі закон пра СМІ. Штрафы, пераследы – каля 105 мільёнаў беларускіх рублёў заплацілі сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў толькі за апошні год. Эканамічная сітуацыя таксама сёння была адным з пытанняў, над многімі сродкамі масавай інфармацыі Беларусі паўстаюць гэтыя праблемы. Як супрацьстаяць “рускаму свету”? Такое пытанне таксама было ўзнята падчас першага пасяджэння з’езда. Суверэнітэт і незалежнасць павінны быць асновай кантэнту незалежных беларускіх сродкаў масавай інфармацыі. Такі заклік прагучаў з боку кіраўніцтва арганізацыі.

Напярэдадні з’езда нязменны кіраўнік БАЖ Жанна Літвіна заявіла, што не будзе вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні арганізацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск