Статкевіч і Някляеў паведамілі ўладам, што правядуць мітынг у Менску



Мікола Статкевіч і Уладзімер Някляеў перадалі ў Менгарвыканкам паведамленне, што 24 лістапада плануюць правесці мітынг на плошчы Свабоды, прымеркаваны да «20-годдзя антыканстытуцыйнага перавароту і ўсталявання ў нашай краіне дыктатарскага рэжыма».

“Трэба хоць неяк выказаць нашу нязгоду“,  – кажа Уладзімір Някляеў.

– Праблема не ў тым, колькі людзей збіраецца на пратэстныя акцыі. А праблема ў тым, як яны праходзяць. Як адносіцца да гэтага ўлада. Чаму мала людзей? Таму што да судоў, якія каралі людзей гадамі і суткамі арышту, дадаліся суды, якія караюць штрафамі. За гэтым, акрамя ўсяго астатняга, стаіць магчымасць страты працы, магчымасць выгнання з месца вучобы.

Мітынг, на які клічуць былыя палітвязні Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў, пачнецца 24 лістапада а 18 гадзіне на плошчы Свабоды ў Менску.

Рэферэндум 24 лістапада 1996 года быў выкліканы абвастрэннем адносінаў паміж прэзідэнтам і парламентам. Паводле меркавання апанентаў улады і міжнароднай супольнасці, рэферэндум быў праведзены з істотнымі парушэннямі заканадаўства.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org