Статкевіч папярэдзіў Менгарвыканкам пра акцыю 1 траўня



Мікалай Статкевіч перадаў у Менгарвыканкам сваю заяву, у якой паведаміў аб правядзенні 1 траўня святочнага сходу на Кастрычніцкай плошчы.

«У адпаведнасці з правам, гарантаваным артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанымі нашай краінай міжнароднымі пагадненнямі, паведамляю пра намер Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу далучыцца да сьвяткавання дзяржаўнага свята — Дня Працы 1 траўня, і правесці ў гэты дзень на Кастрычніцкай плошчы Менску святочны сход», — гаворыцца ў заяве.

Паводле Статкевіча, акцыя мае пачацца а 14 гадзіне.

«У Беларусі адсутнічае законна абраны парламент і, адпаведна, легітымная працэдура рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду мітынгаў і дэманстрацый. Таму, у адпаведнасці з прынятай у суседніх краінах практыкай, паведамляю пра наш намер правесці 1 траўня святочны сход за 5 дзён да яго пачатку.

Прапаную выканаць патрабаваньні Канстытуцыі і забяспечыць бесьперашкоднае і бяспечнае правядзенне акцыі», — напісаў Мікалай Статкевіч.

Раней Мікалай Статкевіч паведаміў, што Беларускі нацыянальны кангрэс правядзе сваю акцыю 1 траўня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы.

Сёння стала вядома, што Менгарвыканкам дазволіў правесці мітынг 1 траўня на сцэнічнай пляцоўцы парку Дружбы народаў. Але адмовіў у правядзенні шэсця ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор, якое замаўлялі незалежныя дэмакратычныя прафсаюзы.

svaboda.org