Стварыць дзецям зімовую казку



Стварыць дзецям зімовую казку заклікаюць сябры берасцейскага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду. З сярэдзіны лістапада на Берасцейшчыне стартуе акцыя «Нашы сэрцы – дзецям». Яна будзе цягнуцца два месяцы і складацца з некалькі этапаў, — адзначыла арганізатар Зоя Троцкая:

— У межах гэтай акцыі мы збіраем падарункі: і салодкія падарункі і школьныя прылады, і забаўкі, развіваючыя гульні. І напярэдадні Раства і Новага года Дзед Мароз і Снягурачка традыцыйна наведваюць дзяцей, якія ляжаць у шпіталях, дзяцей у школах-інтэрнатах і дзіцячых дамах і даюць ім падарункі разам з добрымі пажаданнямі ды дораць ім добры настрой.  

Як падкрэсліла Зоя Троцкая, з аднаго боку правядзенне акцыі – гэта прадстаўленне ўвагі дзецям, якой ім заўсёды не хапае, з іншага боку – спроба актывізацыі грамадства ў кірунку дабрачыннасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце