Створаны аргкамітэт грамадскага руху ў абарону незаконна асуджаных дзяцей



У Гародні створаны арганізацыйны камітэт грамадскага руху, які будзе займацца абаронай асуджаных паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – незаконны абарот наркатычных сродкаў.  Ініцыятарамі стварэння выступілі бацькі маладых людзей, якія адбываюць доўгія тэрміны зняволення за ўжыванне, распаўсюд і захоўванне наркотыкаў, псіхатропных сродкаў і іх аналагаў.

maci5

Многія бацькі лічаць, што іх дзеці асуджаныя незаконна, са шматлікімі парушэннямі існуючага заканадаўства – часам гэта прыводзіць да трагедый:

– Павесіўся адзін з асуджаных, ён не вытрымаў. Калі з высокай трыбуны кіраўнік дзяржавы кажа, каб “гэтыя сядзелі і смерці прасілі”, то, відаць, ягоныя словы і пачанаюць патроху здзяйсняцца. Гэта вельмі жорстка, калі кіраўнік такога роўню гаворыць такія словы.

На сустрэчы прысутнічалі бацькі незаконна асуджаных не толькі з Гародні, але таксама з Ваўкавыска і Ліды. Супольна з гарадзенскімі праваабаронцамі ініцыятары стварэння грамадскага руху ў абарону незаконна асуджаных дзяцей маюць намер спробы дзяржаўнай рэгістрацыі, якая дасць магчымасць дзейнічаць афіцыйна.

Гарадзенцы таксама збіраюць подпісы пад зваротам да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі і генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандра Канюка з патрабаваннем спыніць пазазаконныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў у дачыненні да асуджаных паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса.

Ініцыятарамі акцыі выступілі бацькі асуджаных маладых людзей, а падставай сталі неабгрунтавана вялікія тэрміны зняволення і карныя захады з боку тых, хто праводзіць следства і выносіць прысуды:

– Неабходныя праўдзівыя факты. У майго сына акрамя прызнальных паказанняў нічога няма. І прызнаўся ён толькі таму, што супрацоўнікі міліцыі ў аддзеле РУВД збілі яго чыгуннай патэльняй.

Бацькі асуджаных дзяцей сцвярджаюць, што на Гарадзеншчыне гандляры наркотыкамі актыўна працягваюць сваю дзейнасць, а супрацоўнікі праваахоўных органаў не прыкладаюць намаганняў дзеля спынення наркатрафіку. У рэгіёне усё больш фіксуецца выпадкаў, калі на лаву падсудных трапляюць непаўнагадовыя жыхары вобласці, а супрацоўнікі міліцыі атрымліваюць доказы злачынным шляхам. Прыкладам, у Гародні да адказнасці прыцягнуты міліцыянт, які займаўся фальсіфікацыяй справаў, звязаных з распаўсюдам наркатычных сродкаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня