Суд адхіліў скаргу на медыкаў хуткай дапамогі



Суд Цэнтральнага раёна Гомеля адхіліў скаргу кіраўніка абласной структуры партыі „Справядлівы свет” на медыкаў са станцыі хуткай дапамогі. Апазіцыянер спрабаваў атрымаць тлумачэнні ад прадстаўнікоў медычнай установы адносна таго, на якіх падставах яны адмаўляюцца суправаджаць масавыя мерапрыемствы. Паводле Уладзіміра Сякеркі, гарадскія ўлады адмаўляюць у дазволах на масавыя мерапрыемствы, спасылаючыся на абсурдныя патрабаванні:

– У нас было тры моманты, па якіх нам адмаўлялі: незаключэнне дамоў з міліцыяй, з камунальнай службай, і зараз – з медыкамі.

У Гомелі цягам 10 гадоў гарадскія ўлады забараняюць праводзіць мітынгі і пікеты апазіцыі, спасылаючыся на Рашэнне № 775, у якім прапісаныя ўмовы для правядзення масавых мерапрыемстваў. Сярод патрабаванняў — наяўнасць дамоваў з “хуткай дапамогай”, міліцыяй і камунальнымі службамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота gp.by