Суд над Рыгорам Грыкам перанеслі на 22 сакавіка



Разгляд справы грамадскага актывіста Рыгора Грыка ў Баранавіцкім судзе працягнецца 22 сакавіка ў 14.30. Яго абвінавачваюць у арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага пікета супраць Дэкрэта №3 у Бабруйску. Грык заявіў хадайніцтва аб удзеле ў працэсе адваката. Хадайніцтва было прынятае. У суд актывіста даставілі з ізалятара часовага ўтрымання, куды яго гвалтоўна змясцілі 19 сакавіка, пасля затрымання міліцыянтамі па выхадзе з дома.

Кажа  грамадская актывістка Анджэла Камбалава:

— Гэта ж катаванні. Затрымаць чалавека ні за што, хіба цяжка было даслаць позву? Грыша ж не збіраўся бегаць ад іх, хавацца. Па адміністрацыйнай справе і столькі парушэнняў. Я лічу, што гэта проста катаванні. Невядома чым скончыцца працэс. Хутчэй за ўсё зноў будуць суткі. 

Сам Рыгор Грык ад суда добрага нічога для сябе не чакае. Ён, як і сябры, упэўнены, што яго пасадзяць, каб не даць 25 сакавіка паехаць у Менск на Дзень Волі.

Поўны матэрыял слухаце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя